Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАМЕЖНЫ ДРУК ПРА БЕЛАРУСЬ. АГЛЯД ПУБЛІКАЦЫЯЎ


Падрыхтаваў Сяргей Шупа, Вільня

Газэта La Republica: «Луіс Дутурбуру Кубас, адзін з акцыянэраў фірмы W-21 Intertechnique, што пасярэднічала ў закупцы 36 вайсковых самалётаў у Беларусі, згадзіўся супрацоўнічаць з уладамі на падставе закону аб барацьбе з карупцыяй, паабяцаўшы паведаміць новыя зьвесткі ў справе згаданай трансакцыі. Згаданая фірма, якую прадстаўляў у Менску нехта Мошэ Ротшыльд, непасрэдна прадала Пэруанскім Ваенна-Паветраным Сілам набытыя ў Беларусі 36 баявых самалётаў — 18 МіГ-29 і 18 Су-25, пры гэтым былы кіраўнік пэруанскай службы бясьпекі Уладзімір Мантэсінас і замешаныя ў гэтай справе вайскоўцы атрымалі мільённыя камісійныя. Першыя паказаньні Луіс Дутурбуру дасьць найбліжэйшымі днямі».

Штодзённая эканамічная газэта La Gestion паведамляе: «На гэтым тыдні ў Панаму выправіцца пэруанскі пракурор Луіс Варгас Вальдывія. Адна з мэтаў візыту — праверыць інфармацыю, якую пашырыў на мінулым тыдні сакратар Панамскага Антыкарупцыйнага Фронту Энрыке Мантэнэгра. Мантэнэгра сярод іншага сьцьвердзіў, што Уладзімір Мантэсінас, якога ўжо чацьверты месяц шукаюць праваахоўныя ворганы Пэру, можа хавацца ў Бразыліі або ў Беларусі.

Паводле газэтаў Expreso і El Comercio, у Панаму маюць таксама выехаць прадстаўнікі адмысловай парлямэнцкай камісіі, каб выявіць лёс 422 мільёнаў даляраў, якія паклалі ў Swiss Bank de Panama фірмы Treves Intora і W-21, што бралі ўдзел у перапродажы Пэру беларускіх баявых самалётаў. Тым часам двое палкоўнікаў Ваенна-Паветраных Сілаў Пэру паляцелі ў Расею з «чорнай скрынкай» зь беларускага самалёту МіГ-29. які разьбіўся 13 сакавіка падчас выкананьня выпрабавальных палётаў. Палкоўнікі маюць прабыць у Расеі тыдзень, каб дакладна дасьледаваць усе 252 парамэтры «чорнай скрынкі» і выявіць дакладную прычыну катастрофы.

Газэта Sintesis паведамляе наступнае: «Адбылося паседжаньне камісіі Давіда Вайсмана, якая дасьледуе мільённыя рахункі Уладзіміра Мантэсінаса. У паседжаньні ўзяў удзел міністар абароны Пэру Вальтэр Ледэсма. Пасьля 5-гадзіннага паседжаньня была зробленая гэткая заява: «Камісія, створаная 7 сьнежня летась для расьсьледаваньня паходжаньня і фінансаваньня самалётаў, купленых у Беларусі й Расеі, выявіла 7 асобаў з Ваенна-Паветраных Сілаў Пэру, якія ўдзельнічалі ў нелегальнай апэрацыі пакупкі самалётаў. Імёны падазраваных не паведамляюцца. Усяго ў выніку нелегальнай трансакцыі Пэруанская дзяржава страціла 558 мільёнаў даляраў».

Па ўсім відаць, што гісторыя зь беларускімі самалётамі і раскрадзенымі мільёнамі яшчэ далёкая да завяршэньня. Мы будзем зьвяртаецца да яе ў нашых наступных аглядах.

А зараз — некалькі вестак зь нямецкага друку.

Як паведамляе газэта Main-Echo, што выдаецца ў Ашафэнбургу, Баварыя, група праваабарончай арганізацыі «Міжнародная амністыя» у мястэчку Мільтэнбэрг у паўночнай Баварыі зацікавілася станам правоў чалавека ў Беларусі. У прыватнасьці баварскіх праваабаронцаў непакоіць лёс трох «зьніклых» палітыкаў і аднаго журналіста. Паводле ацэнка арганізацыі, прычынаю зьнікненьня Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага была іх крытычная пазыцыя ў дачыненьні да цяперашняга рэжыму. На думку мясцовага аддзелу «Міжнароднай амністыі», беларускія апазыцыйныя палітыкі і журналісты, якія займаюцца расьсьледаваньнем парушэньня правоў чалавека, рызыкуюць сваім жыцьцём. Мільтэнбэргская група «Міжнароднай амністыі» запатрабавала ад Лукашэнкі тлумачэньняў што да лёсу «зьніклых» асобаў. Лукашэнка, які зважае на захаваньне свайго іміджу за мяжою, мусіць ведаць, што пра парушэньні правоў чалавека ведаюць за мяжою і што яны шкодзяць рэпутацыі дзяржавы. Газэта Main-Echo падае адрас і тэлефоны для тых, хто хацеў бы падаць свой голас у падтрымку «зьніклых» беларускіх палітыкаў і журналіста.

Сацыял-дэмакраты мястэчка Бэнсгайм, што на поўдні зямлі Гэсэн, ужо два гады падтрымваюць пабудову дэмакратычных структур у Беларусі, - паведамляе нямецкая газэта Darmstaedter Echo. Ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі дэмакратычнай апазыцыі цяжка разьвівацца і дамагацца сваіх палітычных мэтаў. У сувязі з гэтым бэнгаймскія сацыял-дэмакраты ўсталявалі традыцыю запрашаць да сябе сваіх беларускіх аднадумцаў. Вось і цяпер у мястэчку гасьцююць сацыял-дэмакраты з адной зь беларускіх абласьцей. Беларусь для Нямеччыны — асабліва важная краіна, асабліва з той прычыны, што яна мусіць стацца важным мостам паміж Нямечынай і сёньняшняй Расеяй. У мінуўшчыне Беларусь моцна пацярпела ад нямецкай агрэсіі з аднаго боку і ад сталінскага Савецкага Саюзу з другога, страціўшы сотні тысячаў жыцьцяў. Сёньня беларускія сацыял-дэмакраты, а таксама прадстаўнікі іншых партыяў, студэнты, журналісты, актывісты прафсаюзаў і шматлікія малыя прадпрымальнікі зноў змагаюцца за дэмакратычную і свабодную Беларусь. Газэта Darmstaedter Echo запрашае ўсіх, каго хвалюе лёс дэмакратыі ва Ўсходняй Эўропе і асабліва ў Беларусі на сустрэчу зь беларускімі гасьцямі.

Газэты суседніх зь Беларусьсю краінаў — Латвіі і Эстоніі — на мінулым тыдні камэнтавалі на сваіх старонках апошнія падзеі ў Беларусі — дэкрэт Лукашэнкі пра парадак выкарыстаньня замежнай незваротнай дапамогі, рыхтаваны закон аб радах працоўных калектываў, пастанову аб аптымізацыі працы прэсавых службаў. Сутнасьць гэтых юрыдычных акцыяў рэжыму падсумаваная ў загалоўку артыкулу ў латыскай газэце Neatkariga Rita Avize: «Фільтар на вочы, вушы і раты».

Гэткае кароткае агентурнае паведаменьне было надрукаванае ў шмат якіх нямецкіх газэтах: Менскае выдавецтва «Ўраджай» на міжнародным кніжным кірмашы ў Ляйпцыгу атрымала адмысловую прэмію Нямецкай Камісіі ЮНЭСКА (2000 марак) за кнігу дзіцячых казак «magic tales». Віншуем.

Напрыканцы яшчэ адно прыемнае паведамленьне. У сувязі з папулярнасьцю ў сьвеце сьпісанай беларускай вайсковай тэхнікі, даводзіцца бліжэй цікавіцца самымі экзатычнымі краінамі. Так, цяпер у наш агляд друку ў дадатак да пэруанскіх газэтаў трапілі яшчэ і угандыйскія. Чатыры беларускія верталёты Мі-24 на працягу некалькіх месяцаў былі самай папулярнай тэмай угандыйскага друку. Нагадаем, што з чатырох купленых у 1998 годзе ў Беларусі верталётаў ва Ўганду было дастаўлена толькі два - і ў такім стане, што ад астатніх двух давялося адмовіцца. Дапамагла Ўгандзе ў гэтай справе брытанская фірма-пасярэдніца Consolidated Sales Corporation, зарэгістраваная на Віргінскіх астравах. Мінулымі Калядамі зь дзясятак дэпутатаў угандыйскага парлямэнту пастанавілі выправіцца ў Беларусь, каб разабрацца з гаспадарамі тавару, аднак беларуская амбасада ў Лёндане вырашыла, што угандыйцам у Менску няма чаго рабіць і ня выдала ім візаў. Грошы, прамантачаныя на гэтую паездку, некалькі тыдняў пюадлічвалі ўсе ўгандыйскія газэты. І вось на гэтым тыдні — радасная вестка з Кампалы. Газэта The New Vision паведамляе, што адзін са злачшчасных верталётаў удалося падняць у паветра і ён пасьпяхова выкарыстоўваецца на поўначы краіны для барацьбы з паўстанцамі народнасьці коні, якія робяць спарадычныя набегі з тэрыторыі суседняга Судану.

Вось і ўсё на сёньня. У сувязі зь нядзельнымі падзеямі ў Менску на гэтым тыдні можна спадзявацца павышанага зацікаўленьня беларускімі падзеямі ў замежным друку. Да сустрэчы праз тыдзень.
XS
SM
MD
LG