Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ І РАСЕЯ МАЮЦЬ ВЯЛІКІЯ СУПЯРЭЧНАСЬЦІ Ў ГАЛІНЕ МЫТНАГА КАНТРОЛЮ


Валер Каліноўскі, Менск



Кіраўнік беларускай мытні Вікенці Макарэвіч паведаміў сёньня, што застаюцца супярэчнасьці ў галіне мытнага кантролю й праз 5 гадоў пасьля падпісаньня дамовы пра Мытны саюз тая далёкая ад выкананьня. Гаворыць Вікенцій Макарэвіч:

(Макарэвіч: ) "Нягледзячы на падпісаньне новага пагадненьня 29 студзеня гэтага году, існуюць адрозьненьні. Найперш у тарыфным рэгуляваньні — існуюць розныя стаўкі мытных пошлінаў, а таксама ў нетарыфным рэгуляваньні — у пераліку абмежаваных да ўвозу тавараў, у ільготах па мытных выплатах і экспартным кантролі".

Паводле словаў спадара Макарэвіча, стаўкі мытных пошлінаў Беларусі й Расеі дагэтуль адрозьніваюцца па 3 800 пазыцыях. На ягоную думку, гэтыя супярэчнасьці могуць быць скасаваныя за два тыдні, калі будзе жаданьне абодвух бакоў.

(Макарэвіч: ) "Неабходна пэўныя крокі зрабіць і расейскаму боку. Мы пасьля прыняцьця трэцяга дэкрэту зь мяжы пайшлі, там нашых мытнікаў цяпер няма, яны зьяўляюцца толькі эпізадычна для выкананьня адмысловых апэрацыяў.

А расейская мытня сёньня прысутнічае на мяжы і выконвае свае функцыі ў поўным аб’ёме", — паведаміў кіраўнік беларускае мытні.

Таму часам на беларускім баку ўзьнікаюць (звычайна ў панядзелкі ды аўторкі) чэргі аўтатранспарту ажно на 16 кілямэтраў.

Надзённая таксама праблема збору падатку на дадатковую вартасьць тавараў, што паходзяць з трэціх краінаў. Бюджэты абедзьвюх дзяржаваў за час збору гэтага падатку нязначна папоўніліся прыкладна аднолькавай сумай — па 5 мільёнаў даляраў. Адначасова падаражэлі адпаведныя тавары. Беларускі бок хацеў бы адмовіцца ад гэтага падатку, але чакае, калі на гэта пойдзе й расейскі бок.

Вікенці Макарэвіч паведаміў, што апрача супярэчнасьцяў паміж мытнымі ведамствамі, саюзны Саўмін будзе разглядаць заўтра й праект палажэньня аб Мытным камітэце Саюзнае дзяржавы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG