Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАРЭГІСТРАВАЦЬ СУПОЛКУ СВАБОДНАГА ПРАФСАЮЗА НА МАЗе – НЯ МОЖНА


Міхал Стэльмак, Менск

Разглядала прафсаюзную скаргу судовая калегія на чале зь Міхаілам Басавым. Адміністрацыя Заводзкага раёну адмаўляецца рэгістраваць на Менскім аўтазаводзе суполку Свабоднага прафсаюзу.

Лідэр гэтага прафсаюзу Віктар Трошчы заявіў судовай калегіі, што такія паводзіны ўладаў, на ягоную думку, незаконныя. Рабочыя МАЗу хочуць мець дэмакратычны прафсаюз, які бараніў бы іхныя інтарэсы.

Раённую вэртыкаль на судзе падтрымаў пракурор Сьцяпан Мышкавец. Судзьдзі пастанавілі адхіліць прафсаюзную скаргу. Такі прысуд старшыня Свабоднага прафсаюзу Віктар Трошчы лічыць несправядлівым:

(Трошчы: ) "Паседжаньне суду прадэманстравала, што ён кіруецца ўказаньнямі ўладаў. Судзьдзі ня хочуць бачыць ані парушэньняў цяперашняй Канстытуцыі Беларусі, ані неабходнасьці выкананьня нормаў міжнароднага права. У іх адзін аргумэнт: трэба безь пярэчаньняў выконваць дэкрэт прэзыдэнта".

Паводле словаў спадара Трошчага, сёньняшняе рашэньне супярэчыць канвэнцыям Міжнароднай арганізацыі працы. 29 сакавіка ў Жэнэве гэтая арганізацыя думае разгледзець "беларускае пытаньне" — скаргу Фэдэрацыі прафсаюзаў і Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў на парушэньні ўладамі іхных правоў.

Нядаўна ў Жэнэве міністар юстыцыі Беларусі Генадзь Варанцоў запэўніваў Міжнародную арганізацыю працы, што канфлікт з прафсаюзамі ў справе рэгістрацыі прафсаюзных суполак нібыта вырашаны. Віктар Трошчы кажа, што яны паведамяць Міжнароднай арганізацыі працы пра новы факт парушэньня ў Беларусі прафсаюзных правоў:

(Трошчы: ) "Я перакананы, што ўрэшце з дапамогай міжнародных арганізацыяў мы прымусім улады скасаваць дыскрымінацыйныя ўмовы рэгістрацыі. Бо, згодна з правіламі Міжнароднай арганізацыі працы, працоўныя без абмежаванняў і без дазволу каго б там ні было маюць права ствараць свае арганізацыі".
XS
SM
MD
LG