Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МНОГІЯ БЕЛАРУСКІЯ ШКОЛЫ АДНАВІЛІ ПАЛІТІНФАРМАЦЫІ


Ганна Соусь, Менск

Апошнім часам у многіх беларускіх школах аднавілі абавязковыя палітінфармацыі. Прыкладам, у менскай школе №171 на сходзе бацькам паведамілі, што іхным дзецям трэба рэгулярна глядзець інфармацыйныя блёкі АТН альбо СТВ (сталічнага тэлебачаньня), а потым паведамляць пра галоўную навіну тыдня.

У адным з трэціх клясаў гэтай школы палітінфармацыі адбываюцца цяпер раз на тыдзень падчас вялікага перапынку, а паводле ўсіх мэдычных нормаў у гэты час дзеці мусяць адпачываць.

У Міністэрстве адукацыі мне паведамілі, што аднаўленьне палітінфармацыяў ня ёсьць загадам, а толькі рэкамэндацыяй. Гаворыць кіраўнік галоўнага ўпраўленьня выхаваўчай ды сацыяльнай работы Георгі Бутрым:

(Бутрым: ) "Ніхто іх не прымушае. Але ж школа павінна праводзіць інфармацыйную работу. У адпаведнасьці з "Законам аб адукацыі" павінна быць адукацыя й выхаваньне.

І, дарэчы, ніколі іх не адмянялі. Мы проста далёка адышлі ад дырэктываў і зараз прааналізавалі стан работы ў справе выхаваньня ды пераканаліся, што гэтую работу трэба крыху палепшыць. Вы ж ведаеце, якая тут бітва ідэяў, і таму трэба дзецям дапамагчы".

Паводле Георгія Бутрыма, гэтая рэкамэндацыя адпавядае нядаўна распрацаванай Канцэпцыі й Праграме выхаваньня дзяцей ды моладзі, што вучыцца.

(Бутрым: ) "Палітінфармацыя, інфармацыйныя гадзіны заўжды былі ў нашай савецкай беларускай школе. Людзі на месцах павінны разабрацца ды прыйсьці да высновы, што дзецям трэба дапамагчы, бо тут настаўнікі, дарослыя не заўсёды правільна… Хтосьці на месцы можа перагнуць палку, але, тым ня менш, ён ня можа забараніць, абмежаваць жаданьне вучня ці студэнта выпісваць "Народную волю".

А вось на думку кіраўніка справаў Таварыства беларускай мовы Сяргея Кручкова, гэта нагадвае час застою, калі развальвалася ідэалягічная сыстэма і ўлады імкнуліся выратаваць яе любым коштам.

(Кручкоў: ) "Міністэрства адукацыі замест каб займацца глупствам, лепш бы зьвярнула больш увагі на выхаваньне дзяцей, распрацоўку праграмы стварэньня нацыянальнай школы, а не на тое, што ёсьць зараз. Гэта яшчэ раз сьведчыць, што сёньняшняму кіраўніцтву Міністэрства адукацыі няма на чым будаваць свой выхаваўчы працэс.

Пануе бездухоўнасьць, таму што глядзець Беларускае тэлебачаньне часам проста супрацьпаказана маладым душам, бо тое, што паказваюць у “Тайных спружынах палітыкі” ці ў “Рэзанансе”, — гэта проста мяжуе з вар’яцтвам".
XS
SM
MD
LG