Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЬВЯТКАВАНЬНЕ ДНЯ ВОЛІ Ў ПРАЗЕ


Сяргей Навумчык, Прага


Менавіта тут, у Празе, у свой час знайшлі прытулак і ўмовы для палітычнай дзейнасьці кіраўнікі Рады БНР, якія пасьля крывавага разгрому бальшавікамі адноўленай беларускай дзяржаўнасьці вымушаныя былі пакінуць Бацькаўшчыну. З таго часу сталіца Чэхіі стала адным з эўрапэйскіх цэнтраў беларускага палітычнага і культурніцкага жыцьця.

Некалькі дзясяткаў праскіх беларусаў сабраліся ў адной з найпрыгажэйшых праскіх заляў – Люстраной залі Нацыяльнай бібліятэкі на ўрачыстае пасяджэньне, якое распачала старшыня суполкі беларусаў у Чэхіі “Скарына” Ганна Сурмач.

Сярод госьцяў – Старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 13- скліканьня Сямён Шарэцкі з жонкай, пісьменьнік Уладзімер Арлоў, паэтка Валянціна Аксак, бард з Горадні Віктар Шалкевіч, беларусы з ЗША, Францыі, Польшчы, старшыня нядаўна ўтворанага “Форуму украінцаў у Чэхіі” Алег Зайнулін, прадстаўнік чэскай грамадзкай арганізацыі дапамогі палітычным уцекачам Вера Ганушкова, актывісты Беларускага інфармацыйнага цэнтру пры фондзе “Чалавек у бядзе” Адам Гаўлін, Ян Марьян, Любош Вэсэлы.

Пасьля таго, як быў зачытаны сьвяточны зварот Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы, слова ўзяў Старшыня Вярхоўнага Савету Сямён Шарэцкі, які зьвярнуў увагу на небясьпеку анэксіі Беларусі Расеяй. Пра гістарычнае значаньне ўтварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі сказаў пісьменьнік і гісторык Уладзімер Арлоў.

Былі ўручаныя стыпэндыі, утвораныя фондам Орса-Рамана і сям’ёй Галіны і Васіля Русакоў у Нью-Ёрку. Гэтыя стыпэндыі ў гонар людзей, якія на чужыне аддаў шмат сілаў беларускай справе, надаюцца беларускім студэнтам, якія за сваю апазыцыйную актыўнасьць былі выгнаныя з беларускіх ВНУ і цяпер атрымліваюць адукацыю у Чэхіі.

Ад імя супрацоўнікаў беларускай службы радыё “Свабода” ўдзельнікаў урачыстага пасяджэньня прывітаў дырэктар службы Аляксандар Лукашук. Завяршылася паседжаньне канцэртам Віктара Шалкевіча.

Праскія беларусы і госьці наведалі Альшанскія могілкі, дзе усклалі кветкі на магілы Прэзыдэнтаў Рады БНР Пётры Крачэўскага і Васіля Захаркі, а таксама сьпевака Міхала Забэйды-Суміцкага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG