Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФІНАЛАМ АПАЗЫЦЫЙНАЙ АКЦЫІ Ў МЕНСКУ СТАЛІСЯ ЗЬБІЦЬЦЁ І ЗАТРЫМАНЬНІ ДЭМАНСТРАНТАЎ


Любоў Лунёва, Менск

Амонаўцы ачапілі курган двума ланцугамі ды пайшлі ў наступ. Людзі пачалі адыходзіць наверх. Хто не пасьпяваў, тых моцна зьбівалі. Не пашкадавалі нават малога дзіцяці, якога бацька трымаў на руках.

Амонаўцы ўчатырох хапалі аднаго чалавека й цягнулі да аўтобусу. Там людзей кідалі на зямлю, зьбівалі дубінкамі, а потым кідалі ў аўтобус, дзе іх таксама зьбівалі.

Міліцэйскія начальнікі з гарадзкога ўпраўленьня ўнутраных справаў, якія ўвесь час былі сярод дэманстрантаў, выглядалі разгубленымі. Было відаць, што такая сытуацыя сталася нечаканасьцю. Міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў таксама нэрваваўся, ён жа напярэдадні акцыі абяцаў, што сілавых мэтадаў ужываць ня будуць.

Мы спыталіся ва Ўладзімера Навумава, чаму ўлады задзейнічалі АМОН:

(Навумаў: ) "У прынцыпе там, на плошчы Юбілейнай, цьвёрда дамовіліся, што па дазволеным маршруце да плошчы Бангалёр яны пойдуць. Яны нібыта й пагадзіліся, але затым, каб стварыць нейкія правакацыі, яны сюды павярнулі ды пачалі правакаваць.

Мы за парадак, таму што акрамя іх, тут маса другіх людзей, якія адпачываюць. І АМОН міліцэйскі, і тыя ж войскі — гэта ўсё нармальныя зьявы, як ва ўсіх цывілізаваных краінах. Ну а тут хадзіць па праезнай частцы... Тых людзей, што вось проста ішлі па праезнай частцы на работнікаў міліцыі, кідаліся на іх, — некалькі чалавек затрымалі. Але прававую ацэнку ім будзе даваць суд", — такі адказ даў Радыё Свабода Ўладзімер Навумаў на месцы падзеяў.

Затрыманыя ўдзельнікі апазыцыйнай акцыі, сярод якіх ёсьць падлеткі, дагэтуль знаходзяцца ў міліцэйскіх пастарунках. У горадзе не зьнялі “ўзмацненьня” — на гарадзкіх вуліцах міліцэйскія патрулі праз кожныя 50 мэтраў.
XS
SM
MD
LG