Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГАРАДОХ ГОМЕЛЬШЧЫНЫ З НАГОДЫ 25 САКАВІКА ПРАЙШЛІ АКЦЫІ


Казімер Яноўскі, Гомель

Да Дня Волі ў Рэчыцы зьявілася мноства графіці. Графіці зьявіліся таксама і ў Мазыры. Міліцыянты схапілі двух студэнтаў пэдінстытуту, калі тыя малявалі фарбай бел-чырвона-белы сьцяг на вакзале. Прозьвішчаў іхных не называю, бо студэнтаў выпусьцілі ды санкцыяў ніякіх пакуль не прымянялі.

У Мазыры падчас распаўсюду ўлётак затрымалі сяміклясьніцу Кацю Туркалаву. Прапаршчык міліцыі Каленік схапіў дзяўчынку ў пад'езьдзе свайго шматпавярховага дому, калі тая кідала ўлёткі ў паштовыя скрынкі.

У пастарунак Кацю не дастаўлялі, прапаршчык дапытваў яе ў сваёй кватэры. Пад прымусам ды пагрозамі дзяўчынка сказала, што ўлёткі да Дня Волі ўзяла ў сяброўкі, бацька якой — старшыня суполкі БНФ Юрась Чаранкоў. Міліцыянты склалі на спадара Чаранкова пратакол нібыта за распаўсюд улётак.

Актывісты БНФ у Жлобіне адзначалі сёньня Дзень Волі пікетам. Гарадзкія ўлады дазволілі пікет у мікрараёне Мэталюргаў. Са словаў старшыні суполкі БНФ Мікалая Пагодзіна, за дзьве гадзіны тут пабывала каля 300 чалавек.

У 15.30 у абласным цэнтры сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ і Народнай Фронту "Адраджэньне" выйшлі на плошчу Паўстаньня на несанкцыянаваны пікет. Яны разгарнулі бел-чырвона-белыя сьцягі ды лёзунгі да Дня Волі.

На плошчу прыйшлі маладафронтаўцы й выпусьцілі паветраныя шары з маленькімі нацыянальнымі сьцяжкамі. Прыкладна праз паўгадзіны на плошчу прыехалі міліцыянты на чале з намесьнікам начальніка Цэнтральнага РАУСу Віктарам Дамненкам ды міліцэйскім апэратарам.

Пікетоўцы, як і думалі, прастаялі на плошчы роўна гадзіну, а пасьля паехалі ў пастарунак даваць тлумачэньні. Уладзімер Старчанка ўгаварыў міліцыянтаў, каб у пастарунак забралі толькі двох — яго самога ды Алесю Кацапаву.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG