Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВІЦЕБСКУ НА ДЗЕНЬ ВОЛІ АДБЫЎСЯ НЕСАНКЦЫЯНАВАНЫ ПІКЕТ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Пікетоўцы трымалі белыя ды чырвоныя кветкі. Гэтак Ян Таўпыга, Пётар Сарапеня ды іншыя сябры партыі віталі віцяблянаў з Днём Волі. Мінакам раздавалі таксама віншавальныя ўлёткі.

У першыя ж хвіліны на несанкцыянаваны пікет зьвярнулі ўвагу міліцыянты. Яны запатрабавалі паказаць дакумэнты, а пасьля — увогуле спыніць пікет. Пікетоўцы ўрэшце пераканалі міліцыянтаў, што стаяць на вуліцы з кветкамі ў рукох ня процізаконна.

Неўзабаве ўвагу міліцыянтаў адцягнуў вядомы віцебскі апазыцыянэр Уладзімер Плешчанка. З нацыянальным сьцягам ды плякатам а 12-й гадзіне ён пачаў уласную акцыю на плошчы Волі. Бел-чырвона-белы сьцяг прымусіў міліцыю ўзяць больш рашучыя захады.

На плошчу Волі ўсьлед за міліцэйскім патрулём ды двума маёрамі на чорнай "Волзе" зьявіўся апрануты ў цывільнае намесьнік кіраўніка абласнога аддзяленьня міліцыі палкоўнік Гардзіенка. Ён ветліва прапанаваў спадару Плешчанку сесьці ў патрульную машыну. Той не пагадзіўся, і Гардзіенка распачаў дыскусію пра парадак правядзеньня пікетаў ды нацыянальную сымболіку.

Тымчасам каля віцебскае плошчы Леніна адбыўся санкцыянаваны сьвяточны мітынг, на які сабраліся прадстаўнікі віцебскіх апазыцыйных партыяў ды грамадзкіх рухаў. Гледачоў таксама сабралася нямала, каля 200 чалавек. Сквэр каля плошчы расквецілі сьцягі Аб'яднанай грамадзянскай партыі, харугва Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне", вялізная чырвоная ружа сацыял-дэмакратаў ды некалькі плякатаў.

Выступоўцы казалі віншавальныя прамовы. Пры канцы імпрэзы Міхась Паўлаў, які ўзначальвае віцебскае аддзяленьне праваабарончага цэнтру "Вясна", узяўшы традыцыйную гліняную сьвістульку, пагукаў вясну ды блізкія перамены.

XS
SM
MD
LG