Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У НАВАПОЛАЦКУ ЗЬЯВІЛІСЯ СЬВЯТОЧНЫЯ ГРАФІЦІ


Вінцэсь Мудроў, Наваполацк

Ранкам 25 сакавіка на пад'езьдзе да пасёлку Баравуха, што нядаўна стаў часткай Наваполацку, зьявіўся надпіс "Бог. Беларусь. Воля". Надпіс зрабілі чырвонай фарбай на цагляным муры, пры гэтым вышыня літараў сягала мэтру, а даўжыня самога надпісу — пад 15 мэтраў.

Сьвяткаваньне 83-й гадавіны абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі ў Наваполацку пачалося аб 11-й гадзіне. Ля гарадзкога палацу культуры выставілі сьвяточны пікет, а праз паўтары гадзіны адбыўся мітынг.

Адкрыў мітынг адзін зь лідэраў тутэйшага Маладога Фронту Ўладзімер Кунцэвіч. Павіншаваўшы прысутных са сьвятам, спадар Кунцэвіч выказаў цікавую думку: у сакавіку 1918 году беларусы не абвесьцілі сваю незалежнасьць, а толькі яе пацьвердзілі, бо Беларусь мае 1 000-гадовую гісторыю і наша незалежнасьць была абвешчаная яшчэ за полацкімі князямі.

Адмыслова да Дня Волі выйшлі нумары інфармацыйнага бюлетэня "Наш горад" і газэты "Дзяньніца", якія раздавалі на мітынгу. Бадай, упершыню за час сьвяткаваньня ўгодкаў БНР у Наваполацку на мітынгу ня бачылі міліцыі.

Сьвяточны пікет быў і ў Полацку. Ладзілі яго ў цэнтры места, і там з нацыянальнымі сьцягамі ў рукох стаялі 25 пікетоўцаў.

XS
SM
MD
LG