Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАРЫСАЎЦАЎ ПАВІНШАВАЎ ВЕРШАМІ ЛЕГЕНДАРНЫ МІРОН


Алесь Мікалайчанка, Менская вобласьць

Сёньня раніцай барысаўцам, што жывуць на галоўных магістралях гораду — праспэкце Рэвалюцыі, вуліцах Чапаева, Латуціна ды Трусава — пра Дзень Волі нагадалі бел-чырвона-белыя сьцягі. Яны аздобілі самыя высокія будынкі места. Адзін сьцяг павесілі на высачэзным коміне кацельнай блізу гарвыканкаму.

А ноччу нехта раскідаў ды расклеіў у самых людных месцах Барысава вершаваныя ўлёткі, якія віншуюць барысаўцаў з Днём Волі ды крытыкуюць мясцовую вэртыкаль за цкаваньне апазыцыянэраў. Пад вершамі падпісаўся легендарны Мірон.

Як паведаміў Радыё Свабода прадстаўнік незарэгістраванага моладзевага руху "Зубар" (ён не назваў сябе), гэтую акцыю пад назвай "Горад наш" ноччу правялі ягоныя барысаўскія аднадумцы.

У Нясьвіжы сёньня днём завяршыўся распачаты ўчора пікет. Сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, Маладога Фронту ды ТБМ віншавалі землякоў з Днём Волі законна — акцыю дазволілі мясцовыя ўлады. І гэта была адзіная санкцыянаваная акцыя на Меншчыне.

У суседнім зь Нясьвіжам Клецку сябры партыі БНФ наладзілі сьвяточную імпрэзу. Тамтэйшы лідэр маладафронтаўцаў Яўген Туравец паведаміў, што на каву запрасілі вядомых у мястэчку ды краіне людзей. Сярод іх былі вэтэран Саюзу Беларускай Моладзі Ірына Пальчынская, пісьменьнік Уладзімер Дамашэвіч, паэт Алег Нікулін. Гаварылі пра захаваньне ды адстойваньне рознымі пакаленьнямі ідэалаў Беларускай Народнай Рэспублікі.

Дэмакраты з Маладэчна, Слуцку, Лагойску ды іншых гарадоў Меншчыны, дзе мясцовыя ўлады забаранілі сьвяткаваньне 83-х угодкаў БНР, паехалі ў Менск, каб узяць удзел у сталічных акцыях.

XS
SM
MD
LG