Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"ТРЭЦІ СЭКТАР" ЗАКЛІКАЕ МІЖНАРОДНЫЯ АРГАНІЗАЦЫІ АСУДЗІЦЬ ДЭКРЭТ ЛУКАШЭНКІ ПРА АБМЕЖАВАНЬНЕ ЗАМЕЖНАЙ ДАПАМОГІ


Ігар Карней, Менск

Паводле старшыні Выканаўчага бюро Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў Юрася Зяньковіча, галоўная небясьпека дэкрэту — абмежаваньне правоў уласьніка. Дзяржава замацоўвае за сабой магчымасьць дыктаваць: каму й як выдаткоўваць грошы. Гэта й выклікала пратэст большасьці беларускіх няўрадавых арганізацыяў.

(Зяньковіч: ) "Мы не зьбіраемся падпарадкоўвацца гвалту. Дэкрэт №8 (гэта бачна з нашага аналізу) супярэчыць Канстытуцыі. На гэта грамадзкія арганізацыі будуць падаваць у Канстытуцыйны суд адпаведныя заявы.

Пераклад дэкрэту на замежныя мовы й камэнтары да яго будуць разасланыя ўсім замежным партнэрам усіх грамадзкіх арганізацыяў, якія ўваходзяць у Асамблею, а таксама спонсарам, урадам дэмакратычных краінаў з тым, каб была адпаведная рэакцыя за мяжой".

Старшыня праўленьня фонду імя Льва Сапегі Міраслаў Кобаса лічыць, што тэарэтычна на лёс дэкрэту яшчэ могуць паўплываць дэпутаты "палаты прадстаўнікоў".

(Кобаса: ) "Калі яны дзьвюма трацінамі галасоў дэкрэту не зацьвердзяць, то ён спыніць сваю дзейнасьць. Але, на жаль, гэта больш тэарэтычная верагоднасьць, чым практычная. Разам з тым гэта было б выйсьце, бо тут закранаюцца правы ня толькі беларускіх няўрадавых арганізацыяў".

(Карэспандэнт: ) "Дарэчы, ці ёсьць ужо рэакцыя на дэкрэт з боку замежных дабрачынных арганізацыяў?"

(Кобаса: ) "Мне пакуль пра такія факты невядома, але ж вы ведаеце, што для асэнсаваньня патрэбны нейкі час; прыкладам, нам таксама спатрэбіўся тыдзень, каб ва ўсім разабрацца. Само сабой, замежным арганізацыям неабходна ўдакладніць пэўныя моманты й тады, я ўпэўнены, гэта рэакцыя будзе".
XS
SM
MD
LG