Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ДЗЕНЬ ВОЛІ МІЛІЦЫЯ АБЯЦАЕ НЕ ЎЖЫВАЦЬ СІЛЫ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

"Паставілі задачу забясьпечыць парадак у любым выпадку, і мы рыхтуемся да гэтых любых выпадкаў. А як рыхтуемся — ніхто вам ня скажа", — паведаміла Свабодзе супрацоўніца прэсавага цэнтру сталічнай міліцыі Натальля Лапо.

Спадарыня Лапо дадала, што міліцыя спадзяецца на "неагрэсіўныя паводзіны дэманстрантаў" і на тое, што "ня будзе прычынаў, зь якіх гарадзкой міліцыі, як летась, давядзецца прасіць прабачэньня ў журналістаў".

Нагадаю, падчас разгону шэсьця апазыцыі на Дзень Волі ў 2000 годзе затрымалі больш як 500 дэманстрантаў, зь іх 36 журналістаў. Празь некалькі дзён пасьля тых падзеяў кіраўніцтва сталічнай міліцыі прызнала памылковасьць сваіх дзеяньняў і нават публічна прасіла прабачэньня ў прадстаўнікоў прэсы. Прабачэньні, аднак, не прызначаліся астатнім затрыманым — улады дагэтуль не прызналі, што ўжылі сілу незаконна ці неадэкватна.

Між тым, летась на вуліцы Менску вывелі больш за 1 000 узброеных спэцсродкамі салдатаў унутраных войскаў, была й бронетэхніка, улучна з вадзянымі гарматамі — але гэных спэцыяльных машынаў для разгону дэманстрантаў не выкарыстоўвалі.

Акрамя салдатаў, былі летась выкліканыя на дзяжурствы ўсе супрацоўнікі райаддзелаў міліцыі, што давяло агульную колькасьць міліцэйскіх сілаў у Менску да 3 000–5 000 чалавек. Прыкладна столькі ж людзей бралі ўдзел ў леташняй акцыі на Дзень Волі з другога боку, казалі незалежныя назіральнікі.

Лідэры апазыцыі не выключаюць, што ўлады й сёлета мабілізуюць ня меншыя сілы. Сакратар ўправы БНФ Вячаслаў Сіўчык, які браў удзел у сёньняшніх перамовах з кіраўніцтвам менскай міліцыі, кажа:

(Сіўчык: ) "Кіраўніцтва менскай міліцыі паведаміла нам, што яны ўсё адно будуць кіравацца незаконным рашэньнем гарвыканкаму, але ж і сілу ўжываць супраць мірных дэманстрантаў ня будуць".

Гарадзкая міліцыя налічвае да 5 000 супрацоўнікаў, большасьць зь іх могуць паклікаць для навядзеньня парадку на разавай акцыі. Да гэтага варта дадаць яшчэ 1 700 салдатаў унутраных войскаў, якія разьмешчаныя ў Менску і вакол гораду. Гэтыя сілы таксама могуць накіраваць супраць дэманстрантаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG