Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАРЫСАЎСКІЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ ПРАТЭСТУЮЦЬ СУПРАЦЬ СЕЛЬГАСПАБОРАЎ


Алесь Мікалайчанка, Барысаў

Старшыня Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў Барысава Ігар Леднік на пачатку мітынгу павіншаваў сваіх калегаў з надыходзячым Днём Волі.

Затым спадар Леднік зачытаў з аўторкавага нумару афіцыйнай мясцовай газэты "Адзінства" напамінак гарвыканкаму: "Рашэньнем гарвыканкаму кожны індывідуальны прадпрымальнік мусіць пералічаць на адмысловы рахунак гарвыканкаму ня менш як 10 000 рублёў штомесяц, гэтак цягам трох месяцаў запар". Гэтыя грошы патрэбныя сельскай гаспадарцы.

Выступоўцаў падтрымалі іншыя ўдзельнікі мітынгу, яны рэзка пратэставалі супраць пабораў. Яны пыталіся ва ўладаў: "Калі ж урэшце дзяржава, якая давяла да галечы ўвесь народ, і тую ж вёску, зьдзейсьніць рынкавае рэфармаваньне калгасаў ды саўгасаў?"

У мітынгу ўзялі ўдзел некалькі соцень чалавек, якія ў адзін голас запатрабавалі скасаваць згаданае рашэньне гарвыканкаму ды не плаціць сельгаспабору. Інакш барысаўскія прыватныя гандляры абяцаюць зьвярнуцца да звыклай зброі — страйку.

З Свабодным прафсаюзаў прадпрымальнікаў Барысава змагаецца ня толькі тутэйшы гарвыканкам, але й мясцовыя крымінальнікі. Сёньня ўначы праз разьбітыя шыбы нехта залез у офіс Свабоднага прафсаюзу ды скраў тэлефон, факс, іншую аргтэхніку. Міліцыя вядзе папярэдняе дазнаньне.

Падчас мітынгу сябры незарэгістраванага моладзевага руху "Зубар" распаўсюдзілі ўлётку, прысьвечаную Дню Волі.
XS
SM
MD
LG