Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЛАДЫ ФРОНТ НАЛАДЗІЎ АКЦЫЮ "САША Ў ПРАЛЁЦЕ" ПЕРАД АДМІНІСТРАЦЫЯЙ АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Больш за 10 сяброў Маладога Фронту на чале з Паўлам Севярынцам прыйшлі сёньня да будынку прэзыдэнцкай адміністрацыі з рознакаляровымі паветранымі шарамі. На самым вялікім жоўтым шары былі намаляваныя пазнавальныя вусы, валасы й лысіна. Павал Севярынец так патлумачыў мэту акцыі "Саша ў пралёце":

(Севярынец: ) "Сёньня мы думаем запусьціць мэтэазонд для складаньня больш дакладнага навуковага прагнозу. Сёньня, 23 сакавіка, Дзень мэтэароляга, сёньня нарэшце патапілі расейскую станцыю "Мір", ну дык трэба ж зрабіць так, каб замест "Міру" там нешта лётала.

З другога боку, паводле нашых прагнозаў, Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка ў 2001 годзе на прэзыдэнцкіх выбарах "у пралёце". Каб спраўдзіць, наколькі "ў пралёце", зь якім адрывам ад асноўнага дэмакратычнага кандыдата, мы й запускаем гэты зонд. Будзем спадзявацца, што запуск пройдзе нармальна".

Маладафронтаўцы сталі насупраць будынку адміністрацыі, і напоўнены газам шар падняўся ў паветра. Да ўдзельнікаў акцыі адразу ж падбеглі супрацоўнікі службы аховы Лукашэнкі й міліцыянты ды спрабавалі затрымаць некаторых маладафронтаўцаў. Але затрымалі толькі Паўла Севярынца. Яго завезьлі ў пастарунак і праз паўтары гадзіны адпусьцілі.

Да дня мэтэароляга Малады Фронт таксама падрыхтаваў гумарыстычны прагноз палітычнага надвор'я на вясну–восень 2001 году. Маладафронтаўцы прагназуюць, што блізкімі днямі чакаецца пераменнае надвор'е: 25 сакавіка шматтысячныя дэманстрацыі, месцамі АМОН, сабакі й бронетэхніка; уранку — замаразкі, удзень — адмарозкі, пасьля абеду, а 14-й гадзіне, плюс-мінус 15 000 удзельнікаў.

Палітмэтэаролягі таксама прагназуюць, што ўсю вясну на тэрыторыі Беларусі будзе разгортвацца й наступаць вялізны Малады Фронт, з цыклёнамі й масавымі маніфэстацыямі. Летам й напачатку восені стан палітычнага надвор'я будзе вызначаць моцны Вецер Пераменаў.

У верасьні да дэмакратычных сілаў нарэшце прыйдзе вера ў перамогу. Паводле Маладога Фронту, у дзень выбараў надвор'е чакаецца надзвычай кепскае. Масавыя фальсыфікацыі й парушэньні заканадаўства, рэзкія парывы тэлефонных лініяў у офісах апазыцыйных партыяў будуць спалучацца з праліўной хлусьнёй афіцыйнага тэлеканалу.

Аднак прагноз палітычнага надвор'я сканчаецца аптымістычна. Восень завершыцца 100-тысячнымі маніфэстацыямі, а бліжэй да зімы ўсе "Дразды" вылятаюць у вырай — кудысьці ў Афрыку ці ў Паўночную Карэю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG