Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЫЛЫЯ ВАЙСКОЎЦЫ СТАЛІ НА АБАРОНУ ВАСІЛЯ БЫКАВА ДЫ ПАЎЛА КАЗЛОЎСКАГА


Уладзімер Глод, Менск

Непасрэдным штуршком да зьяўленьня звароту сталі перадачы Беларускага тэлебачаньня, у якіх афіцэр-франтавік, народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў быў названы "літаратурным паліцаем", а першы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі абвінавачаны ў зьніжэньні баяздольнасьці войска.

Аўтары звароту, сярод якіх былы камандуючы Віцебскай дывізіі паветрана-дэсантавых войскаў генэрал-лейтэнант Бачароў і тры генэрал-маёры — Вашчыла, Лук'янаў, Стрэмавус — называюць такія цьверджаньні адкрытай хлусьнёй і паклёпам. Яны кажуць, што Васіль Быкаў ёсьць сумленьнем беларускай нацыі. А Павал Казлоўскі выканаў галоўную задачу, што паставілі перад ім Вярхоўны Савет 12 скліканьня і ўрад — стварыў якасна новае войска сувэрэннай дзяржавы.

Афіцэры тлумачаць людзям, што гэткі беспакараны паклёп магчымы таму, што цяпер ў Беларусі няма легітымнага парлямэнту, незалежных Канстытуцыйнага суду і Цэнтравыбаркаму.

Канстытуцыя ўвесь час парушаецца дэкрэтамі, якія накіраваныя на ўмацаваньне асабістай улады Лукашэнкі. Грамадзянін ня можа знайсьці ўправы на чыноўнікаў. Той жа генэрал-палкоўнік Казлоўскі дагэтуль ня можа абвергнуць цверджаньне тэлебачаньня пра тое, што ён нібыта звольніў цяперашняга начальніка Генштабу расейскага войску Анатоля Квашніна ды цяперашняга камандуючага паветрана-дэсантавымі войскамі Расеі Рыгора Шпака. На самой справе, Шпак ніколі ўвогуле не служыў у беларускім войску, а Квашнін сам перайшоў у расейскае войска.

Аўтары заявы заклікаюць жыхароў Беларусі ня верыць хлусьні дзяржаўных СМІ й патрабуюць ад Генэральнага пракурору распачаць справу паводле фактаў паклёпу з боку дзяржаўнага тэлебачаньня.
XS
SM
MD
LG