Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДПРЫЕМСТВА ПРАСТОЙВАЕ З-ЗА РАСЕЙСКІХ ПАСТАЎШЧЫКОЎ


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

Асноўнай прычынай цяперашняга прастою кiраўнiцтва "Гранiту" называе адсутнасьць выбуховых рэчываў, якiя буйнейшае прадпрыемства Лунiнецкага раёну атрымлiвае з Расеi. У лiпенi летась ўрад гэтай краiны прыняў адмысловую пастанову, якая павiнна была ўзмацнiць кантроль за вытворчасьцю i выкарыстаньнем выбуховых рэчываў. Згодна з гэтым дакумэнтам былi створаныя фiрмы, упаўнаважаныя весьцi продаж такiх рэчываў на экспарт. У вынiку "Гранiт", якi раней наўпрост працаваў з прадпрыемствамi, што займаюцца вытворчасьцю выбуховых рэчываў, вымушаны быў падпiсаць дамову з маскоўскай фiрмай "Промвзрыв". Але наяўнасьць такой дамовы нiяк не паўплывала на выкананьне расейцамi сваiх абавязкаў, паколькi "Промвзрыв" дагэтуль не атрымаў лiцэнзiю на гэты кiрунак дзейнасьцi.

Такое стаўленьне расейскага боку да падпiсанага кантракту зьявiлася поўнай нечаканасьцю для адмiнiстрацыi "Гранiта": вымушаны прастой галоўнай вытворчасьцi прынес прадпрыемству велiзарныя страты. Нягледзячы на тое, что асноўныя ўчасткi ўжо месяц не працуюць, "Гранiт" абавязаны цалкам разьлiчвацца за электраэнэргiю, выплочваць падаткi i дзьве трацiны заробку сваiм рабочым, што знаходзяцца ў адпачынку. У вынiку страты за час прастою склалi каля 35 адсоткаў ад сабекошту прадукцыi "Гранiту".

Але кiраўнiцтва мiкашэвiцкага прадпрыемства ня ўпэўненае, што фiнансавае становiшча зьменiцца i пасьля атрыманьня з Расеi выбуховых рэчываў. Справа ў тым, што дагэтуль ня вырашаныя iншыя праблемы, якiя не дазваляюць "Гранiту" працаваць стабiльна. У прыватнасьцi, расейскi бок адмаўляцца зьменшыць чыгуначныя тарыфы на правоз шчэбня па сваёй тэрыторыi. Зараз гэтыя тарыфы амаль роўныя кошту самога беларускага шчэбня, з-за чаго ён губляе канкурэнтаздольнасьць на расейскiх рынках. Таму ў Мiкашэвiчах, якiя даўно ўжо пакутуюць ад немагчамасьцi вырашыць праблему жаночага беспрацоўя, цяпер усур'ёз пачалi гаварыць пра пляны масавых скарачэньняў на "Гранiце", што прывядзе да заняпаду гэтага мястэчка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG