Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТРАЙК ПІНСКІХ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Са словаў прадпрымальнікаў, нагодай для страйку былі паводзіны пінскіх кантралёраў. Апошні тыдзень яны шматкроць правяралі гандляроў, не даючы нармальна працаваць. Гаворыць старшыня прафсаюзнай арганізацыі прадпрымальнікаў Зьміцер Пятроў:

(Пятроў: ) "Сродкі масавай інфармацыі надрукавалі заяву міністра прадпрымальніцтва, дзе гаварылася, што да 1 красавіка дзее мараторый на мытнае афармленьне тавараў вытворчасьці трэціх краінаў. А 1 красавіка мусіць быць падпісаны дэкрэт прэзыдэнта, адпаведна зь ім мы пераходзім на іншую сыстэму аплаты падаткаў.

У Пінску ж адпаведныя органы насуперак гэтаму пагадненьню цягам апошняга тыдня ладзяць шматлікія праверкі, чым моцна дэстабілізуюць працу прадпрымальнікаў. Мы вырашылі прыцягнуць увагу грамадзкасьці ды выказаць сваю нязгоду з тым, што адбываецца ў нас".

Зьміцер Пятроў паведаміў прысутным, што ўчора ён тэлефанаваў у Міністэрства прадпрымальніцтва ды пытаўся пра згаданыя пагадненьні. Чыноўнікі пагадзіліся — іхны міністар сапраўды казаў пра мараторый, але цяпер, маўляў, на гэта спасылацца ня варта.

(Пятроў: ) "Шчыра кажучы, я думаю, што гэтыя праверкі зьвязаныя з пасяўной кампаніяй, на якую дзяржава хоча назьбіраць грошай. Было б лепей, калі б дзяржаўныя чыноўнікі сумленна зьвярнуліся да прадпрымальнікаў ды папрасілі б назьбіраць патрэбныя сродкі. Гэта больш сумленна за паляваньне на прадпрымальнікаў".

На сходзе прадпрымальнікі таксама разгледзелі ліст пінскага Цэнтру эпідэміялёгіі й стандартызацыі. Ліст прапануе гандлярам самастойна назьбіраць 5 000 даляраў на кампутарнае абсталяваньне Цэнтру, каб сэртыфікаты якасьці на тавары можна было даваць у Пінску.
XS
SM
MD
LG