Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПОЛАЦКУ ЎРУЧЫЛІ "ГЛІНЯНАГА ВЯЛЕСА"


Вінцэсь Мудроў, Полацак

Штогоду напярэдадні Дня Волі ў Полацкім музэі кнігадрукаваньня ганаруюць ляўрэатаў літаратурнай прэміі "Гліняны Вялес". Прэмію 8 гадоў таму заснавала Таварыства вольных літаратараў.

Дагэтуль керамічную статуэтку крывіцкага божышча атрымалі Юры Гумянюк, Алесь Разанаў, Уладзімер Арлоў ды іншыя літаратары. Сёлета Рада Таварыства найлепшай кніжкай прызнала кнігу аповедаў ды апавяданьняў Сяргея Астраўца "Цэнзарскія нажніцы".

Кніга Астраўца мусіла была выйсьці ў выдавецтве "Мастацкая літаратура", але яе выкінулі з тэматычных плянаў, і кніга пабачыла сьвет у Беластоку (гэтае места апошнім часам робіцца цэнтрам беларускага кнігадрукаваньня).

"Цэнзарскія нажніцы" — кніга наватарская, пазбаўленая папулярных у нашым красным пісьменстве мэнтарскіх схем ды патрыятычных усхліпаў. Удзельнікі імпрэзы казалі, што кніга сабрала ня толькі асабісты, але й нацыянальны досьвед змаганьня за волю.

Падчас "вялесаваньня" адбылася таксама й прэзэнтацыя літаратурна-мастацкага часопісу "Правінцыя", першы нумар якога выйшаў днямі ў тым жа Беластоку. Прэзэнтаваў часопіс галоўны рэдактар — знаны беластоцкі журналіст і літаратар Аляксандар Максімюк.

Цэнтралізацыя літаратурнага жыцьця, якая адбывалася ў мінулым стагодзьдзі, стварыла гэткі стан, што ўсе значныя творчыя сілы гуртаваліся ў сталіцы, а ў правінцыі культурніцкае жыцьцё ледзь ліпела. Зьмяніць гэную завядзёнку й пакліканае новае выданьне. Паводле канцэпцыі выдаўцоў, у "Правінцыі" будуць друкавацца найперш паэты й празаікі, што жывуць па-за сталіцай.

Заўважым, што сярод аўтараў першага нумару "Правінцыі" ёсьць і сёлетні ўладальнік "Глінянага Вялесу".
XS
SM
MD
LG