Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСПАЧАЛІСЯ СЬВЯТОЧНЫЯ МЕРАПРЫЕМСТВЫ ДА ДНЯ ВОЛІ


Валянціна Аксак, Менск

У сьвяточнай экспазыцыі, якую традыцыйна ладзіць да Дня абвяшчэньня Беларускае Народнае Рэспублікі мастацкая суполка "Пагоня", сёлета змаглі паказаць свае творы нямногія.

Вялікіх заляў, як і ў папярэднія гады, атрымаць для выставы не ўдалося, і экспазыцыя сёньня адчынілася ў сьціплым памяшканьні сядзібы Беларускага Народнага Фронту. У ёй выстаўленыя творы толькі 11 жывапісцаў ды графікаў.

Аднак ня толькі гэтая акалічнасьць вылучае сёлетнюю сакавіцкую культурніцкую праграму. Гаворыць старшыня рабочае групы па арганізацыі сьвяточных імпрэзаў Арына Вячорка:

(Вячорка: ) "Летась людзі пабачылі моцнае супрацьстаяньне дзяржавы й народу ды гэткую дэманстрацыю сілы, што сёлета многія зьвяртаюць менш увагі на культурныя праграмы".

Арына Вячорка лічыць, што людзі мастацтва могуць выказаць сваё стаўленьне да даты абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі менавіта ўдзелам у падобных акцыях.

І таму яе вельмі цешыць далучэньне да сёлетніх імпрэзаў тых творцаў, якія раней былі староньнімі назіральнікамі. Да прыкладу, мастачка Алена Лось хоць і не сяброўка "Пагоні", але калі дачулася пра выставу, сама прапанавала свой твор, і сёньня ён у экспазыцыі. Экспазыцыя мае выразную палітычную назву — "У новае тысячагодзьдзе з новым прэзыдэнтам".

Праграму "пагонеўцаў" працягваюць сёньня ўвечары гісторыкі. За круглым сталом у Беларускім гуманітарным ліцэі яны абмяркоўваюць пытаньне новай спробы барацьбы за незалежнасьць у новым стагодзьдзі.

У суботу ў клюбе "Акварыюм" незалежніцкая музычная рок-імпрэза.

Але асноўная частка праграмы плянуецца на 25 сакавіка. Арына Вячорка, праўда, ня ўпэўненая, што зважаючы на забарону ўсіх акцыяў у цэнтры Менску, удасца правесьці й культурніцкія імпрэзы:

(Вячорка: ) "Невядома, што нас чакае на вуліцах, хаця многія артысты й музыкі гатовыя аддаць людзям свае песьні, творчасьць, аркестар знайшлі, барды гатовыя сьпяваць.

Хто можа, прыходзьце папросту з гітарамі на народныя гуляньні на пляц Волі. Хай артысты самі праявяць ініцыятыву, не чакаючы ніякай арганізацыі, а сьпяваюць, весяляцца, адзначаюць сьвята".

Завершыць праграму сьвята 25 Сакавіка вечаровы пэрформанс Алеся Пушкіна й Генадзя Драздова ў тэатральнай залі менскага касьцёлу сьвятых Сымона ды Алены.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG