Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА МАГІЛЁЎШЧЫНЕ ЗАВОДАМ АДКЛЮЧАЮЦЬ ЭЛЕКТРЫЧНАСЬЦЬ ЗА НЯЎПЛАТУ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Каля 40 прадпрыемстваў Магілёўшчыны былі пэўны час без электраэнэргіі. Сярод іх найбольш значныя прадпрыемствы вобласьці: магілёўскае "Хімвалакно", Бабруйскі шынны камбінат, Крычаўскі завод гумавых вырабаў.

Кіраўнікоў прадпрыемстваў папярэдзілі, што калі будуць ігнараваць патрабаваньні энэргетыкаў, іх пазбавяць электраэнэргіі цалкам, на больш працяглы час.

На значных прадпрыемствах вобласьці, прыкладам, на "Хімвалакне" ды на "Белшыне" электрычнасьць адключылі дзясяткам цэхаў.

Невыпадкова выбралі прадпрыемствы для "экспэрымэнту". Найбольшыя запазычанасьці па электраэнэргіі маюць менавіта магілёўскія прадпрыемствы, установы, арганізацыі, саўгасы, калгасы. Усе яны разам плацяць толькі дзьве траціны выдаткаў, і не перавялі на рахунак "Магілёўэнэрга" 70 мільярдаў беларускіх рублёў — гэта калі 5 мільёнаў даляраў ЗША.

Палову гэтых сродкаў мусіў быў выплаціць аграпрамысловы комплекс, але сьпярша санкцыі ўжылі да прамысловых прадпрыемстваў. Дырэктар "Магілёўэнэрга" Ўладзімер Сяргееў тлумачыць гэткі крок тым, што запазычанасьці за электрычнасьць імкліва растуць цягам двух апошніх месяцаў.

Гэтыя захады найбольш балючыя для рабочых, якія вымушаныя гадзінамі сядзець бяз працы.

XS
SM
MD
LG