Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСКІХ ДЗІЦЯЧЫХ ДАМАХ ДЗЕЦІ ГАЛАДАЮЦЬ


Любоў Лунёва, Чэрвень

Дзіцячы дом у Чэрвені прызначаны для дзяцей з адхіленьнямі псыхічнага разьвіцьця. За высокім плотам у былых стайнях, якія пабудавалі за вайной немцы, месьцяцца дзіцячыя спальні. Установа разьлічаная на 230 дзяцей, а трымаюць там 250.

У памяшканьні для маленькіх гэткі смурод, што выядае вочы. Дзеці падобныя да шкілетаў, абцягнутых празрыстай шараватай скурай. Мутныя вочы, невыразныя позіркі. Выхавацелькі тлумачаць гэта тым, што дзеткі пад узьдзеяньнем транквілізатараў, якія іх прымушаюць прымаць, каб ляжалі й не варушыліся.

Гэты дом вельмі рэдка наведваюць чужыя. Толькі ірляндзкія валанцёры некалькі гадоў запар забіраюць да сябе некаторых хворых дзяцей, каб выратаваць іх ад галоднай сьмерці.

Дзяўчынка Каця, якой паставілі дыягназ "алігафрэнія й немата", вельмі змардаванай трапіла ў Ірляндыю пазалетась. Там за 7 месяцаў яна набрала вагу амаль у шэсьць разоў большую за тую, што мела, і нават пачала размаўляць па-ангельску. Ірляндзкія мэдыкі палічылі дзяўчынку псыхічна здаровай, толькі пэдагагічна закінутай, бо зь ёй ніхто не займаўся. Цяпер на радзіме прадстаўнікі дзіцячага фонду "Сакавік" сумесна з ірляндцамі больш за год намагаюцца, каб Кацю перавялі ў іншы дзіцячы дом, дзе ёсьць школа. Супрацоўнікі аддзелу адукацыі адмаўляюцца зрабіць гэта.

У іншых бараках — старэйшыя дзеткі. Большасьць зь іх ніколі не былі за агароджай. Але некалькім хлопчыкам пашанцавала. Яны маюць магчымасьць хадзіць праз дарогу на сьвінафэрму і карміць там сьвіней. Васямнаццацігадовы Юра Шыкавец усё жыцьцё правёў у дзіцячым доме. Ён кажа, што ёсьць на сьвеце толькі адзін добры чалавек — гэта ірляндзец Лім.

Дырэктар дому паскардзіўся, што нормы ежы для дзяцей вельмі малыя, заробкі ў пэрсаналу — таксама. Выхавацелька атрымлівае 13 000 рублёў, а дырэктар, былы старшыня калгасу, — 50 000. Нават гэтыя грошы яны чакаюць па два месяцы.

Але ня ўсё ў кіраўніцтва дзіцячага дому так кепска. На тэрыторыі пабудаваная шыкоўная лазьня з саўнай, якой карыстаецца пэрсанал. Побач зь ёй мы ўбачылі шыкоўны аўтобус, які падарылі замежныя спонсары, а таксама аўтамабіль "BMW" — дырэктара.

XS
SM
MD
LG