Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЗУБАР” НЕ СУСТРЭЎ ЛЯ ТУРМЫ СВАЙГО СЯБРА ЦЯЛЕЖНІКАВА – ЯГО ВЫЗВАЛІЛІ Ў ІНШЫМ МЕСЦЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Каля будынку менскага спэцпрыёмніку па вуліцы Акрэсьціна сабраліся сябры незарэгістраванага моладзевага руху “Зубар”. Дзяўчыны трымалі бел-чырвона-белыя букеты кветак, была падрыхтаваная й бутэлька шампанскага.

Усе чакалі, што вось-вось адчыняцца дзьверы прыёмніка і зь іх выйдзе сябар руху “Зубар”, 19-гадовы Антон Цялежнікаў. 6 сакавіка суд пакараў спадара Цялежнікава арыштам на 15 сутак за ўдзел у акцыі пратэсту “Зубру” каля будынку адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Тым пікетам “зубры” спрабавалі прыцягнуць увагу беларускіх уладаў і грамадзкасьці да лёсу зьніклых Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юр’я Захаранкі й Зьмітра Завадзкага. Сам Антон Цялежнікаў тады трымаў плякат з надпісам “Выкрадальнікаў людзей да адказнасьці”.

Сярод тых, хто прыйшоў сустракаць маладога апазыцыянэра, была й дэпутатка Вярхоўнага Савету Людміла Гразнова. Яна трымала вялікі букет ружаў. Спадарыня Гразнова паведаміла нашаму радыё:

(Гразнова: ) "Натуральна, трэба такіх людзей падтрымліваць, бо наша сіла, наша моц толькі ў адзінстве. Калі такія людзі зьяўляюцца, трэба ім кветкі дарыць".

Больш як дзьве гадзіны чакалі людзі выхаду Антона Цялежнікава з брамы турмы. Урэшце зьявіўся міліцыянт і паведаміў, што Цялежнікава раніцай завезьлі на грамадзкія работы ды там жа й вызвалілі. Сябры Антона не паверылі гэтаму паведамленьню. Гаворыць актывіст “Зубру” Аляксей Шыдлоўскі:

(Шыдлоўскі: ) "Улады хочуць паказаць, што затрыманых ніхто не падтрымлівае. Хочуць запалохаць грамадзтва такімі ўчынкамі, а насамрэч я лічу, што гэта проста падстава".

Многія актывісты “Зубру” засталіся чакаць Антона Цялежнікава. Тымчасам з кіраўніцтвам спэцпрыёмніку зьвязаліся прадстаўнікі Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ. Але намесьнік начальніка спэцпрыёмніку Юры Дэмбіцкі заявіў, што Цялежнікава ў іх няма: ён, маўляў, вызвалены. І ўсё ж Антона Цялежнікава ўдалося адшукаць. Вось што ён паведаміў нашаму радыё:

(Цялежнікаў: ) "Проста зрабілі правакацыю. Мяне завезьлі на працу, пратрымалі да паловы на чацьвертую ды адпусьцілі. Ня хочуць, каб было нешта масавае, тыя ж сустрэчы. Ведаеце, гэта каб брыду нейкую зрабіць, нашкодзіць".

Антон Цялежнікаў падзякаваў усім, хто падтрымліваў яго ў няволі й заявіў, што будзе й надалей удзельнічаць у акцыях пратэсту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG