Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КЭЦІ ФІЦПАТРЫК: ЗА ПЯЦЬ ГАДОЎ НІВОДНАЯ З НАШЫХ ЗАЎВАГАЎ НЯ ВЫКАНАНАЯ


Вольга Караткевіч, Прага

Спадарыня Фіцпатрык найперш адзначыла, што мае вельмі добрае ўражаньне ад некаторых партыяў і няўрадавых арганізацыяў Беларусі, якія стараюцца зьмяніць сытуацыю ў краіне, яна ўбачыла новыя твары і шмат маладых людзей, далучаных да дэмакратычнага руху. Кэці Фіцпатрык адзначыла, што рэпрэсіі ў Беларусі памоцніліся, працягваюцца перасьледы. Гаворыць Кэці Фіцпатрык

(Фіцпатрык: ) “Мне здаецца, людзі стараюцца зьмяніць жахлівую сытуацыю ў іх краіне ў гэтым годзе і не чакаць наступных 5-10 гадоў. Я думаю, што супраць іх дзейнічаюць рэальныя сілы. На жаль, падтрымка дэмакратыі ў Беларусі Захадам – недастатковая. У Беларусі сфармаваныя Каардынацыйная Рада дэмакратычных сілаў, зьбіраецца Кангрэс дэмакратычных сілаў. Я ведаю, што ўнутры адбываюцца дыскусіі, але такі ворган важны, каб падсумаваць дыскусіі і мець вынік. Цікава, што зьяўляюцца кандыдаты на пасаду прэзыдэнта са сфэраў, пра каго нават ня чулі. Кшталту афіцыйных прафсаюзаў. Удзел Ганчарыка. Гэта цікава. Стала зразумела, як вырашыць асноўныя рэчы, што рабіць з цэлай пасыўнай краінай – дзе новыя рухі могуць супрацоўнічаць з БНФ, дзе ім трэба аб’яднацца самім, бо ўлады вядуць інтэнсыўную прапаганду супраць БНФ і іншых апазыцыйных лідэраў. Больш актыўна пачаў працаваць Малады Фронт, арганізаваўшы кампанію “Пераменаў!”, новы рух Зубар, які патрабуе знайсьці зьніклых. Калі 4 чалавекі зьніклі бязь вестак, і ўлада не шукае гэтых людзей, дык яна можа быць далучаная ў гэта. Людзі пачынаюць пытацца – дзе зьніклыя? Але гэта ў сапраўднасьці пытаньне ў паветра, бо ў краіне, дзе зьнікаюць людзі, ня можа быць нармальнай палітыкі”.

(Караткевіч: ) “Я запыталася ў Кэці Фіцпатрык пра тое, ці былі падчас візыту ў Менск кантакты з афіцыйнымі прадстаўнікамі беларускіх уладаў”.

(Фіцпатрык: ) “Не, я ня мела гэтых сустрэчаў. Мы мелі зь імі дыялёг у мінулым праз пасярэдніцтва амбасадаў і прадстаўніцтва ААН. Сустракаліся ў Міністэрстве замежных справаў. Але найперш – мой візыт быў вельмі кароткімі, і я стараюся правесьці час, сустракаючыся з праваабарончымі арганізацыямі, юрыстамі, партыямі, кандыдатамі. І праграма была вельмі насычаная. Што да ўладаў, мы ня ўбачылі прагрэсу ў пытаньнях, якія ім адзначалі. Фактычна пяць гадоў ніводныя з нашых заўвагаў не вырашаныя. А калі ёсьць выпадкі рэакцыі ўладаў, як, напрыклад, Кудзінаў, дык гэта выглядае як адзін крок наперад, два крокі назад, бо людзей садзяць у турмы, перасьледуюць. Кожны паасобны кандыдат на пасаду прэзыдэнта, а я сустрэлася з чатырма, усе яны маюць гісторыі перасьледу, ціску, дыскрымінацыі. Рэжым стараецца перакрыць шляхі падтрымкі гэтых кандыдатаў. Чатыры ўмовы АБСЭ не выконваюцца ў Беларусі абсалютна. Надзвычай важная ўмова для нас, ня ўключаная ў патрабаваньні АБСЭ, - гэта свабода незалежнай прэсы, гэта Радыё Рацыя, Наша Свабода, невялікія выданьні, на іх аказваецца такі ціск, што ня можна гаварыць пра сапраўдны свабодны сэктар мэдыяў. А гэта надзвычай важна для выбараў”.

(Караткевіч: ) “У гэтыя дні ў Жэнэве распачалася чарговая сэсія Камісіі ААН у справе правоў чалавека. Напачатку красавіка плянуецца выступ міністра замежных справаў Беларусі Міхаіла Хвастова. Паводле словаў спадарыні Фіцпатрык, на сэсіі будзе прадстаўлены крытычны даклад пра стан судовай сыстэмы ў Беларусі. Я запыталася ў Кэці Фіцпатрык, ці плянуе Ліга правоў чалавека распаўсюдзіць там свае маніторынгі”.

(Фіцпатрык: ) “Мы ўздымем беларускае пытаньне. У нас ёсьць офіс у Жэнэве і прадстаўнікі Лігі наведаюць сэсію. Беларусь будзе адным з пунктаў, якія мы будзем асьвятляць, а ў сьпісе Чачня, Паўночная Ірляндыя, Азэрбайджан, Кітай. Абавязацельствы, якія Беларусь узяла на сябе амаль 2 гады назад, ня выкананыя. А туды ўлучанае пытаньне свабоды прэсы, свабода парлямэнтарыям, якія перасьледуюцца, таксама права на сходаў. Так вы маеце права на сход, але павінен быць на Бангалёры. Але людзі маюць права зьбірацца перад будынкамі, дзе сядзяць тыя, хто прымае рашэньні - перад урадавымі будынкамі”.

(Караткевіч: ) “Калі ўздымаецца пытаньне з правамі чалавека ў Беларусі, перадусім гаворка пра палітычныя правы і свабоды. Натуральна, калі не выконваюцца асноўныя правы, то й гаворкі няма пра нармальнае разьвіцьцё розных сфэраў і выкананьня эканамічных, сацыяльных і культурных правоў. Тым ня менш, я папрасіла Кэці Фіцпатрык ахарактарызаваць сытуацыю зь іншымі правамі ў Беларусі…”

(Фіцпатрык: ) “Калі гаварыць пра эканамічныя правы, дык я б хацела пачаць з правоў прафсаюзаў. Ужо было некалькі выпадкаў абмежаваньняў права на пратэст, страйк і нават сходаў на некаторых прадпрыемствах. Лідэрам прафсаюзаў не дазваляюць наведваць прадпрыемствы.

У пытаньні культурных правоў, правоў мовы – вельмі дакладныя парушэньні, бо беларуская мова дыскрымінуецца, за карыстаньне беларускай моваю людзей погуць пакараць, праводзіцца кампанія, каб адхіліць людзей ад маўленьня, ужываньня беларускай мовы, закрываліся школы, і прыватныя таксама. Кампанія, распачатая за савецкім часам, працягваецца і ў постсавецкія часы.

Таксама я лічу, што ў пытаньні адукацыі дзяцей недастаткова мець дзяржаўную адукацыю, павінная быць недзяржаўная. Адукацыя павінна базавацца на прававых каштоўнасьцях.

Я думаю, правы жанчыны – гэта праблемы хатняга гвалту, прысутнасьць жанчынаў у палітычных структурах, ва ўладзе. Ніякіх зьменаў у дачыненьні да жанчыны не адбываецца, нават у трэцім сэктары. Людзі думаюць, што гэта нешта выключнае. Мы атрымаем усё іншае, будзе час для правоў жанчынаў. Калі мы бачым лідэраў жанчынаў у апазыцыі – Жана Літвіна, Людміла Гразнова, ці журналістку Любоў Лунёву, якія робяць унёсак у разьвіцьцё краіны, - яны павінны быць знанымі.

У наступным годзе Беларусь будзе вывучацца Камітэтам правоў дзяцей. У нас шмат паведамленьняў пра жахлівыя ўмовы ў сацыяльнай сфэры, пра праблемы наркотыкаў, да чаго ўлада раўнадушная. Бо вельмі расьце спажываньне гераіну, наркотыкаў сярод вучняў школ – сумнае разьвіцьцё падзеяў. Улады нясуць адказнасьць за гэта. Пытаньне небясьпечнае, і нават журналісты баяцца пра гэта пісаць. Але гэта праблема правоў чалавека і праблема свабоды інфармацыі. Турмы наагул закрытыя для інспэкцыі. Праблемы так званай дзедаўшчыны ў войску, катаваньні, якія дасьледаваў адмысловы камітэт ААН у мінулым лістападзе.

Працэс для вас зацягнецца, важна зьвяртаць увагу людзей на гэтыя праблемы і ціснуць на ўлады. Што да ціску… У Менску быў артыкул, які атакаваў мяне. І прычына была ў тым, што ў апошні раз як я была ў Менску, я заклікала ціснуць на ўлады. Але я зноўку заклікаю ціснуць на ўлады, але не таму, што хачу прыйсьці ў чужы манастыр са сваім статутам, я прыязджаю ў Беларусь з абавязацельствамі, якія яна ўзяла на сябе і не выконвае. Ціск – гэта не нейкі гвалі, заклік да бамбаваньня, як у Косаве. Ціснуць на ўлады – гэты нагадваць уладам – вы абяцалі, але ня выконваеце абяцаньняў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG