Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЛІЦЫЯ Ў БАБРУЙСКА ПОМСЬЦІЦЬ ЖУРНАЛІСТУ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілеўская вобласьць

Ініцыятыва паўторнага разгляду справы сыходзіла ад журналіста Ўладзімера Рэпіка, які зьвярнуўся ў пракуратуру. Ён пратэставаў супраць абвінавачаньня ў адміністрацыйным правапарушэньне і пакараньня штрафам у памеры некалькіх мінімальных заробкаў. Загадчык аддзелу культуры бабруйскай недзяржаўнай газэты “Камэрцыйны кур’ер”, спасылаючыся на афіцыйныя дакумэнты і дадзеныя судмэдэкспэртызы, назваў дзеяньні міліцыі і суду незаконнымі. Пасьля таго, як пракуратура пацьвердзіла справядлівасьць ягоных нараканьняў, суд быў вымушаны зноў вярнуцца да гэтай справы. Аднак, на судзе адзначылі, што калі міліцыя выстаўляла абвінавачаньне апальнаму журналісту, то хай і разьбіраецца яшчэ раз сама.

Як ужо паведамляла нашае Радыё, Уладзімер Рэпік быў затрыманы сёлета ў студзені, калі ён зьвярнуўся да міліцыянта са скаргай на прыставаньні п’яных маладзёнаў. Але ж міліцыянты пазналі яго як журналіста, назвалі “пісакам”, усяляк абражалі, абвінавацілі ў непавазе да іх і затрымалі на ноч. Пасьля гэтага суд выслухаў паказаньні сьведкаў-міліцыянтаў і пакараў адказьніка штрафам у памеры некалькіх мінімальных заробкаў.

Супрацоўнікі “Камэрцыйнага кур’ера” лічаць, што цікаўнасьць да асобы Ўладзімера Рэпіка небеспадстаўная, бо журналіст час ад часу пісаў артыкулы з крытыкай дзеяньняў міліцыі. Да такой высновы схіляюцца і чальцы Бабруйскага аддзяленьня БГК, якія абаранялі журналіста на судзе.

Лёс прысуду журналіста зараз будуць вырашаць тыя, хто абвінаваціў яго ў судзе ў парушэньні Адміністрацыйнага кодэксу. Як стала вядома, супрауцоўнікі Ленінскага РАУС Бабруйска перадалі гэтую справу ў адміністрацыйную камісію.
XS
SM
MD
LG