Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ЗДОЛЬНАЯ ЧАСТКА БЕЛАРУСКАЙ НАМЭНКЛЯТУРЫ ПАДТРЫМАЦЬ АЛЬТЭРНАТЫЎНАГА КАНДЫДАТА НА ВЫБАРАХ?


Вядзе перадачу Сяргей Навумчык.

(Навумчык: ) “Нагадаю, што днямі былы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Іван Пашкевіч у інтэрвію “Інтэрфаксу” выступіў супраць прарасейскай групы ў атачэньні Аляксандра Лукашэнкі, якую ўзначальвае Ўладзімер Замяталін. У нядаўнім інтэрвію газэце “Навіны БНФ” намесьнік старшыні БНФ Вячаслаў Сіўчык наступным чынам ацаніў заяву спадара Пашкевіча:

“Пэўная частка намэнклятуры ў бальшыні сваёй ня мелі нічога супраць бкларушчыны, бо самі зьяўляюцца беларусамі, таму ні эканамічныя, ні культурныя патрабаваньні для іх не чужыя. За апошнія два гады ўзьнікла катастрафічная сытуацыя, калі большасьць вышэйшых пасадаў у дзяржаве занялі прадстаўнікі акупацыйнай групоўкі… І таму я разглядаю інтэрвію Пашкевіча як спробу даць адпор вось гэтай чужынскай групе Замяталіна, якая атрымлівае ўсё большы і большы ўплыў, і гэты ўплыў пашыраецца па ўсіх накірунках. Я хачу зазначыць, што інтэрвію Пашкевіча, выкліканае спробай абараніць беларускае чынавенства, дае добрыя падставы казаць аб непазьбежнасьці пераменаў у Беларусі”.

Спадар Пашкевіч, ці згодныя Вы з такой ацэнкай Вашай заявы? Ці такая матывацыя Вамі кіравала? І нарэшце, у якой ступені кляс чынавенства згодны зьмяніць цяперашняга Прэзыдэнта?”

(Пашкевіч: ) “Вось што значыць не сустракацца, не абмяркоўваць нейкія пытаньні. Я нават і не чакаў, скажу шчыра, такой адзнакі. Вельмі, я лічу, станоўчая адзнака. Я падзяляю усё, што сказана спадаром Сіўчыкам. І больш скажу. Мяне больш пужае тое, што будзе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Тут, у Менску, сустракаючыся з палітыкамі, і гутарачы з людзьмі ў сваёй акрузе (а яна вельмі далёкая, ад Менску – 350 кілямэтраў, гэта Століншчына), я пераконваюся, што на сёньняшні момант палітыка, які б стаў нароўні з Лукашэнкам, няма. І таму я лічу, што калі такі чалавек не зьявіцца, дык Лукашэнка атрымае перамогу на выбарах. А вось ужо далей што рабіць з гэтай перамогай… І я пачынаю разважаць. Вакол Лукашэнкі сабралася радыкальная частка, прарасейская частка. Больш таго – магчыма, так і ня трэба казаць у палітыцы, – але гэта людзі недалёкія, абмежаваныя. Палову зь іх даўно трэба было выгнаць і з газэтаў, дзе яны працуюць, і з тэлебачаньня. Яны сваю неадукаванасьць хаваюць за словамі пра “славянскую еднасьць”, “праваслаўе”, “саборнасьць…” І калі Лукашэнка атрымае перамогу менавіта з гэтымі людзьмі – яны толькі ўмацуюць сябе. Ні ў якім разе нельга маўчаць, і такіх людзей ані ў якім разе нельга дапускаць да ўлады.”

(Навумчык: ) “Я зноў хацеў бы вярнуцца да Вашага інтэрвію. Вы сказалі, што кандыдатамі, якія здольныя перамагчы, ня могуць быць ні Міхаіл Чыгір, ні Сямён Домаш, ні Ўладзімер Ганчарык. Вы пацьвярджаеце гэтыя словы, так? “

(Пашкевіч: ) “Пацьвярджаю. Я абгрунтоўваю сваё меркаваньне сустрэчамі як з палітыкамі, гэтак і з простымі людзьмі”.

(Навумчык: ) “Спадар Сіўчык, калі ласка, пракамэнтуйце вось гэтае меркаваньне спадара Пашкевіча. Ці згодныя Вы, што названыя кандыдаты ня маюць шанцаў на перамогу ў цяперашніх умовах?”

(Сіўчык: ) “Натуральна, ня згодны. Бо калі так было б – мы проста б не разглядалі гэтыя кандыдатуры. Хацеў бы зьвярнуць увагу на тое, што сёньня апазыцыйныя палітычныя партыі не вылучаюць сваіх прадстаўнікоў. І якраз і Чыгір, і Домаш, і Ганчарык – гэта прадстаўнікі беларускага чынавенства, і нам здаецца, што ў іх ёсьць шанец на падтрымку чаткі тых, хто сёньня пры ўладзе. Я цудоўна разумею, што сёньня ўсе прапагандовыя службы працуюць толькі на Лукашэнку. Але ж нават пры сёньняшнім рэжыме грамадзства будзе шукаць альтэрнатыву. Мне здаецца, што і адзін, і другі, і трэці маюць шанцы і быць заўважанымі большаю часткаю насельніцтва, і быць падтрыманымі. І больш таго – калі думаць пра будучыню – і ў нашага беларускага чынавенства ёсьць свае інтарэсы… І я думаю, што далёка ня ўсе беларускія чыноўнікі згодныя з тым праўным “беспределом”, які сёньня ёсьць. Страшна, калі будзе працягвацца антыбеларуская палітыка, якая інспіруецца і Замяталіным, і шэрагам іншых дзеячоў рэжыму. Гэта бачна нават па тым, што сёньня ў нас адбылася сустрэча ў Менгарвыканкаме. І на вялікі жаль, на 25 сакавіка нас пасылаюць на плошчу Бангалёр. Я думаю, што наступствам таго, калі Лукашэнка здолее сфальсыфікаваць выбары і застацца прэзыдэнтам, будзе далейшае адсоўваньне беларускіх чыноўнікаў, адсылка іх на другасныя пасады, і ўсё большая і большая страта сувязяў паміж народам і беларускім чынавенствам. Таму, мяркую, шмат хто сярод беларускіх чыноўнікаў асабіста зацікаўлены, каб Лукашэнкі не было”.

(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG