Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРАДСТАЎНІКІ ДЗЯРЖАЎНАГА ДЭПАРТАМЭНТУ ЗША СКРЫТЫКАВАЛІ АПОШНІ ДЭКРЭТ ЛУКАШЭНКІ


Юры Сьвірко, Менск

Намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў справах новых незалежных дзяржаваў Джон Пэрнэл, зьвяртаючыся ў аэрапорце “Менск-2” да журналістаў, зазначыў, што ён і ягоны калега зь Дзярждэпартамэнту — дырэктар управы Ўкраіны, Малдовы й Беларусі Грэг Пэрэт — правялі вельмі насычаны візыт.

Спадар Пэрнэл нагадаў:

(Пэрнэл: ) "Як заявіў нядаўна амбасадар Козак прэзыдэнту Лукашэнку, прэзыдэнт Буш і ягоная адміністрацыя гатовыя працаваць дзеля лепшых двухбаковых дачыненьняў.

Для дасягненьня гэтае мэты ўрад Беларусі мусіць зрабіць шэраг канкрэтных крокаў што да вяртаньня да выкананьня забавязаньняў у галіне правоў ды палітычных свабод грамадзянаў, якія ўзялі на сябе ўсе дзяржавы эўраатлянтычнае супольнасьці.

Як адзначыў у пасланьні міністру замежных справаў Хвастову дзяржсакратар Паўэл, “без выкананьня гэтых забавязаньняў, добраахвотна прынятых усімі краінамі-ўдзельніцамі, немагчыма забясьпечыць свабоду й росквіт усіх народаў Эўропы", — працытаваў ліст дзяржаўнага сакратара ЗША беларускаму калегу Джон Пэрнэл. Ён таксама паведаміў:

(Пэрнэл: ) "Мы абмеркавалі зь беларускімі афіцыйнымі асобамі канкрэтныя крокі, якія мусіць зрабіць іхны ўрад. Мы зазначылі, што гатовыя да сустрэчных крокаў у гэтай сувязі. Гэткім чынам, беларускія ўлады стаяць перад выбарам, які будзе мець гістарычныя наступствы для будучыні Беларусі. У гэтай сувязі захады, накіраваныя на абмежаваньне свабоды, — такія, як праект указу №8, могуць мець толькі нэгатыўны эфэкт і не павінныя быць ажыцьцёўленыя на практыцы", — заявіў спадар Пэрнэл, намесьнік памочніка амэрыканскага дзяржсакратара.

У часе адказаў на пытаньні я спытаў яго, чаму ён назваў дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі пра забарону выкарыстоўваць замежную дапамогу ў палітычных мэтах “праектам”.

Ці спадзяецца амэрыканская адміністрацыя на тое, што гэты дэкрэт не набудзе чыннасьць празь месяц, як ім жа прадугледжана? І як Вашынгтон ставіцца да заявы спадара Лукашэнкі пра тое, што пасьля справы Барадзіна Злучаныя Штаты “назаўжды пазбаўленыя слова ў Беларусі” наконт дэмакратыі? Вось як адказаў на гэта Джон Пэрнэл:

(Пэрнэл: ) "Што датычыць дэкрэту, дык, калі я ўжываю слова “праект”, я, вядома ж, не намагаюся выступаць як юрыст або нехта іншы, хто мае юрыдычны пункт погляду. Я проста маю на ўвазе той факт, што дэкрэт яшчэ не набыў сілу. І мы, вядома, спадзяемся, што зможам знайсьці шлях, мажліва, абмеркаваньня тых пытаньняў, якія, магчыма, выклікалі гэты дэкрэт. І мы, вядома, спадзяемся, што магчымыя зьмены ў дэкрэце — да таго часу, калі ён набудзе сілу.

Што да справы Барадзіна, гэта, зноў жа, вельмі прамое юрыдычнае пытаньне ў Злучаных Штатах. І ім займаюцца згодна са стандартнымі праўнымі працэдурамі".

(Карэспандэнт: ) "А што да заявы Лукашэнкі?"

(Пэрнэл: ) "Я пакінуў бы гэта прэзыдэнту камэнтаваць", — сказаў амэрыканскі дыплямат.

Сваю ж пісьмовую заяву спадар Пэрнэл скончыў наступнымі словамі:

(Пэрнэл: ) "Перад Беларусьсю адкрываецца ўнікальная магчымасьць стварыць цягам наступных некалькіх месяцаў умовы, якія дазволяць ёй зноў заняць належнае ёй месца ў эўраатлянтычнай супольнасьці.

Калі прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць у адпаведнасьці з крытэрамі АБСЭ, дык Злучаныя Штаты, як і іншыя дзяржавы-ўдзельніцы АБСЭ, прызнаюць іх ды будуць працаваць з законна абранымі ўладамі ў справе пабудовы сапраўды незалежнае, квітнеючае й дэмакратычнае Беларусі. Беларускія ўлады не павінныя страціць гэтую магчымасьць", — зазначаецца ў заяве пра вынікі візыту ў Беларусь прадстаўнікоў Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША.

Адказваючы на пытаньне карэспандэнткі афіцыйнае “Народнае газеты”, ці заўважыў ён якія-небудзь пазытыўныя зрухі ў часе свайго менскага візыту, намесьнік памочніка дзяржсакратара Джон Пэрнэл заявіў:

(Пэрнэл: ) "Што да пызытыўнага разьвіцьця падзеяў, я б хацеў, вядома, зазначыць, што беларускія афіцыйныя асобы, зь якімі мы сустракаліся, выказалі жаданьне мець лепшыя дачыненьні са Злучанымі Штатамі.

І наш амбасадар таксама чуў гэткія ж пасланьні зь беларускага боку. І мы, вядома, гатовыя абмяркоўваць лепшыя дачыненьні, у кантэксьце вельмі адчувальных, практычных крокаў у напрамку паляпшэньня палітычнае сытуацыі ў Беларусі", — падкрэсьліў спадар Пэрнэл.

На пытаньне ж карэспандэнткі агенцтва Ройтар, ці існуе нейкая розьніца ў падыходах да Беларусі паміж эўрапейскімі дзяржавамі ды Злучанымі Штатамі, ён адказаў гэтак:

(Пэрнэл: ) "Што да пазыцыі ЗША — ці яна больш жорсткая, ці яна больш мяккая, — маё агульнае пасланьне гэткае: пазыцыя ЗША застаецца нязьменнаю. Як я згадаў у сваёй заяве, Злучаныя Штаты працягваюць падтрымліваць тыя самыя фундамэнтальныя прынцыпы, якія яны заўжды падтрымлівалі.

Мы падтрымліваем незалежнасьць, дэмакратычнае разьвіцьцё ды росквіт усіх дзяржаваў у гэтым рэгіёне. І гэтая пазыцыя не зьмянілася і ня зьменіцца", — заявіў Джон Пэрнэл.

Журналістка Ройтар задала яшчэ пытаньне пра фільм дзяржаўнага тэлебачаньня пра амэрыканскіх шпіёнаў у Беларусі. Вось як пракамэнтаваў гэты фільм вашынгтонскі дыплямат:

(Пэрнэл: ) "Што да тэлевізійнага шоў ды абвінавачваньняў Злучаных Штатаў у шпіянажы, я магу толькі сказаць: тэлевізійнае шоў было нонсэнсам", — сказаў Джон Пэрнэл, намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў справах новых незалежных дзяржаваў, перад вылетам зь Менску.


XS
SM
MD
LG