Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАТКЕВІЧ ЛІЧЫЦЬ, ШТО ЎЛАДЫ СКРАЛІ Ў ЯГО ПЕРАМОГУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня тры кандыдаты ад "Народнай Грамады" ў дэпутаты гэтак званай палаты прадстаўнікоў — Мікола Статкевіч, Анатоль Ляўковіч і Аляксей Гаўруцікаў — на прэсавай канфэрэнцыі распавялі, як праходзілі давыбары ў іхных акругах.

Паводле Міколы Статкевіча, улады адкрыта фальсыфікавалі вынікі галасаваньня. На многіх участках заўважылі асобаў, якія па сваіх пашпартах галасавалі за іншых людзей.

Некалькі выбаршчыкаў, якія прыйшлі на ўчасткі й заўважылі, што за іх ужо нехта прагаласаваў, напісалі й перадалі назіральнікам адпаведныя заявы. Але найбольшыя парушэньні выбарчага закону, паводле лідэра "Народнай Грамады", былі заўважаныя падчас падліку галасоў.

(Статкевіч: ) "Назіральнікам забаронена падымацца. Камісія стаіць вакол стала, закрыўшы сьпіною гэты стол, і моўчкі нешта лічыць. Лічбаў не называюць. Потым яны пішуць на цыдулках вынікі, усе цыдулкі зьбірае старшыня камісіі. Потым ён сыходзіць і няма яго гадзіны паўтары. Потым ён аб’яўляе, што ён там напісаў".

Паводле лідэра "Народнай Грамады", такім чынам сябры выбарчых камісіяў, якія цалкам залежаць ад выканаўчай улады, скралі ў яго перамогу. Паводле Аляксея Гаўруцікава зь Віцебску й Анатоля Ляўковіча зь Берасьця, якія (як і Статкевіч) занялі трэція месцы, падлік галасоў у іхных акругах адбываўся падобным жа чынам.

Мікола Статкевіч і ягоныя калегі будуць абскарджваць вынікі галасаваньня ў судзе, але, на іхную думку, гэта не галоўнае. Прадстаўнікі "Народнай Грамады" цяпер думаюць, як пазьбегнуць падобных фальсыфікацыяў у часе прэзыдэнцкіх выбараў. Мікола Статкевіч працягвае:

(Статкевіч: ) "Калі ўсё гэта паўторыцца, калі мы ня знойдзем сродкаў узьдзеяньня на ўчастковыя выбарчыя камісіі, на прэзыдэнцкіх выбарах, то лічбу нам намалююць папярэдне.

Супрацьстаяць фальсыфікацыям у дзень галасаваньня немагчыма без уплыву ўнутры ўчастковых выбарчых камісіяў. Я думаю, што адным з асноўных патрабаваньняў да кандыдата на прэзыдэнта, якога мы павінны падтрымаць, мусіць быць наяўнасьць нейкіх мэханізмаў уплыву на гэтыя камісіі — магчыма, празь месцы іхнае працы".

А дзеля таго, каб можна было уплываць на сяброў камісіяў, кандыдат на прэзыдэнта павінен спадабацца дзяржаўнай намэнклятуры. Мікола Статкевіч паведаміў, што ў часе гэтай выбарчай кампаніі сябры "Народнай Грамады" здабылі каштоўны палітычны вопыт, які прыдасца ім у часе прэзыдэнцкіх выбараў.

Напрыклад, каб ведаць мэханізм фальсыфікацыяў вынікаў выбараў на апошнім этапе, Мікола Статкевіч не прыслухаўся да закліку Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў зьняць сваю кандыдатуру ў дзень галасаваньня.

Статкевіч увогуле ня надта спадзяецца на супрацоўніцтва з Каардынацыйнай радай. Ён кажа, што ягоная партыя будзе ініцыяваць стварэньне "Народнай кааліцыі" вакол аб'яднаньня трох кандыдатаў — спадароў Ганчарыка, Чыгіра й Казлоўскага.


XS
SM
MD
LG