Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДОБРААХВОТНА ЗДАВАЦЬ ЗБРОЮ Ў БЕЛАРУСІ МАЛА ХТО ХОЧА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Міністэрства ўнутраных справаў пакуль не валодае дакладнымі зьвесткамі пра вынікі месячніка. На гэты дзень ёсьць зьвесткі пра 11 адзінак здадзенай зброі ў Гарадзенскай вобласьці, 14 — у Гомельскай, па 12 — у Віцебскай і Берасьцейскай.

У Менску, паводле гарадзкой міліцыі, вынікі меншыя. Міліцыя не хавае свайго расчараваньня, бо, паводле падлікаў, на руках у насельніцтва ад 500 да 1 000 незарэгістраваных ствалоў.

“Мы нават думалі, ці не пайсьці на выплату прэміяльных за здадзеную зброю”, — распавяла супрацоўніца прэсавага цэнтру гарадзкой міліцыі Натальля Лапо. Але пакуль ад гэтага вырашылі ўстрымацца.

Спэцыялісты галоўную праблему бачаць ня толькі ў вялікай колькасьці такой зброі, але і ў юрыдычнай нявырашанасьці пытаньня. У Беларусі дагэтуль не прынялі закону пра захаваньне зброі насельніцтвам, гэтыя пытаньні рэгулююць састарэлыя правілы савецкіх часоў. У выніку наразныя стрэльбы ці карабіны, якія ва ўсім свеце лічыцца баявой зброяй, у Беларусі застаюцца ў разрадзе паляўнічай.

"Паводле маіх зьвестак, у праекце закону аб зброі ёсьць палажэньне, згодна зь якім наразныя стрэльбы ўсім прыйдзецца здаць. Менавіта праз гэта закон дагэтуль не прыняты", — мяркуе былы міністар абароны Павал Казлоўскі.

Павал Казлоўскі сьцьвярджае, што ў мясцовых чыноўнікаў шмат такой зброі. Зь ейнай дапамогай раённыя начальнікі ладзяць ў запаведніках і лясах “сафары” для сталічных чыноўнікаў. "Разбураць гэтую сыстэму чыноўнікі не зацікаўленыя", — перакананы Павал Казлоўскі.

Былы міністар заяўляе, што шмат асабістай зброі, у тым ліку незаконнай, у дэпутатаў так званай палаты прадстаўнікоў, у цяперашніх і адстаўных міністраў.

У сярэдзіне 1990-х гадоў, паводле Казлоўскага, высокія начальнікі лёгка маглі набыць асабістую зброю і актыўна гэтым карысталіся. Ён, прыкладам, набыў пісталет Макарава і зарэгістраваў яго.

Але пасьля рэфэрэндуму 1996 году ўсіх былых начальнікаў, хто перайшоў у апазыцыю, улады “абяззброілі”. Асабістая зброя, прыкладам, была адабраная ў Мечыслава Грыба, Станіслава Багданкевіча ды некаторых іншых.

Пісталет Макарава, які належаў Казлоўскаму, цяпер таксама ў міліцыі. Ніякіх тлумачэньняў альбо грашовай кампэнсацыі за адабраную маёмасьць ніхто з апазыцыянэраў не атрымаў.

"А вось на начальнікаў, што захавалі адданасьць Лукашэнку, гэтая канфіскацыя не распаўсюдзілася. У мяне няма ніякай упэўненасьці, што яны выконваюць правілы захоўваньня асабістай зброі", — кажа Павал Казлоўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG