Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯ ЎСЕ АЛІМПІЙСКІЯ ЧЭМПІЁНЫ ХОЧУЦЬ БАЧЫЦЬ ЛУКАШЭНКУ НА ПАСАДЗЕ ПРЭЗЫДЭНТА НАК


Ігар Карней, Менск

Выбары кіраўніка НАК Беларусі прызначаныя на 22 сакавіка, але ўжо цяпер многія ўпэўненыя, што Лукашэнка застанецца на гэтай пасадзе на другі тэрмін.

Пра гэта сьведчыць і ліст тузіна алімпійцаў розных гадоў, якія ад імя ўсіх 60 пераможцаў Алімпійскіх гульняў просяць Лукашэнку працягваць кіраваць НАК. Але ня ўсе пагадзіліся падпісаць гэты ліст.

Уладзімер Камінскі, алімпійскі чэмпіён 1976 году па веласпорце, сёньня ў тэлефоннай размове распавёў, што двойчы напярэдадні абраньня прэзыдэнта НАКу — у 1997 годзе й зараз — да яго прыходзілі з просьбай падпісацца пад лістом за Лукашэнку.

Контараргумэнт Камінскага наступны: “Нельга гуляць з кіраўніком краіны як са спонсарам. Ён паводле службовага статусу, а не паводле спартовай пасады павінен быць зацікаўлены ў падвышэньні аўтарытэту Беларусі на міжнароднай арэне”.

Трохразовы алімпійскі чэмпіён, былы вясьляр Уладзімер Парфяновіч наогул лічыць учынак калегаў падхалімскім.

(Парфяновіч: ) "Вы ж ведаеце, у нас маса людзей, і я ня ведаю, чаму яны менавіта ў такім пляне. Ды я б, калі быў прэзыдэнтам, сказаў бы: "Вы што, рабяты, робіце?" Гэтым мы пераўтвараем чалавека... Нельга займацца такімі рэчамі".

Аляксандар Мядзьведзь, ініцыятар звароту алімпійцаў, на гэты конт мае такое меркаваньне:

(Мядзьведзь: ) "У гэты цяжкі час падтрымаць спорт можна, толькі маючы пэўнае становішча ў грамадзтве. Гэта разумеюць прынамсі спартоўцы. Гэта нялёгкая ноша. Я, прыкладам, 10 год ў Алімпійскім камітэце, але ніводнай прэміі за зробленую справу не атрымаў".

Ужо цяпер са сьпісу прэтэндэнтаў выкрэсьліваюць тых, хто мог бы скласьці канкурэнцыю цяперашняму кіраўніку НАК. Некалькі дзён таму на адмысловым паседжаньні бюро НАК з выканкаму без асаблівых тлумачэньняў вывелі былога канькабежца Ігара Жалязоўскага, а на вакантнае месца ўжо прапанаваныя рэктар БДУ Аляксандар Казулін і тэлекамэнтатар Уладзімер Навіцкі.

Адметна, што Жалязоўскі яшчэ ў 1997-м быў супраць таго, каб кіраўнік краіны адначасова ўзначальваў алімпійскі рух. Многія спартоўцы якраз лічаць, што Жалязоўскі дзякуючы арганізатарскім здольнасьцям, якія ён прадэманстраваў як кіраўнік ПАР-алімпійскага камітэту, мог бы стаць рэальнай альтэрнатывай Лукашэнку. Але дагэтуль ніхто ня ведае, ці будзе ў Лукашэнкі хоць адзін канкурэнт.

Гаворыць віцэ-прэзыдэнт НАК Генадзь Аляксеенка:

(Аляксеенка: ) "Калі няма сьпісаў кандыдатаў — значыць, яны яшчэ не дапрацаваныя. Зараз над сваімі прапановамі працуе прэзыдэнт НАК — гэта ягонае права.

Што тычыцца адвечнага пытаньня сумяшчэньня Аляксандрам Лукашэнкам пасадаў, то тут праблемаў няма. Статут НАК не прадугледжвае ніякіх палітычных мэтаў, таму абсалютна беспадстаўныя апасеньні, што падобная практыка незаконная".

А вось пытаньне, ці здолее Лукашэнка дапамагчы беларускаму спорту ў выпадку паразы на выбарах прэзыдэнта краіны, Генадзь Аляксеенка назваў "беспрадметнай размовай".

XS
SM
MD
LG