Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

З БОКУ РАСЕІ БЕЛАРУСЬ АД ЯШЧУРУ НЕ АБАРОНЕНАЯ


Ганна Соусь, Менск

У Беларусі апошні выпадак захворваньня быдла на яшчур быў зарэгістраваны ў 1982 годзе. Як распавёў сёньня ў часе прэсавай канфэрэнцыі галоўны вэтэрынарны інспэктар Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі Аляксандар Аксёнаў, дзеля абароны ад яшчуру ўжо забаронена ўвозіць у Беларусь харчы з Францыі й Вялікабрытаніі.

(Аксёнаў: ) "На ўсіх міжнародных ды міждзяржаўных пераходах у Беларусі створаныя бар’еры дэзінфэкцыі, іх няспынна напаўняюць спэцыяльнымі сродкамі.

У аэрапорце “Менск-2” таксама ёсьць усе ўмовы для дэзінфэкцыі. Прадугледзелі адмысловае разьмяшчэньне самалёту рэйсу “Менск–Лёндан” — за 10-15 мэтраў ад уваходу ў аэрапорт, каб можна было правесьці санацыю тэрыторіі, дзе праходзілі пасажыры".

Што да ўсходніх межаў, то, паводле Аляксандра Аксёнава, там няма жорсткага санітарнага кантролю, прадугледжаная толькі інспэкцыя прадпрыемстваў, якія пастаўляюць у Беларусь харчы. Не забаронена таксама везьці ў Беларусь літоўскія ды ўкраінскія харчы.

Я запыталася ў вэтэрынарнага інспэктара: ці дастаткова цяпер у калгасах вэтэрынараў?

(Аксёнаў: ) "У Гомельскай, Магілёўскай ды Віцебскай абласьцях больш за 40% гаспадарак ня маюць вэтэрынараў. Але гэта ня значыць, што там ня ладзяць прафіляктычных мерапрыемстваў — гэтым займаюцца спэцыялісты раённай вэтэрынарнай станцыі ды лябараторыі, а таксама ўчастковыя вэтэрынарных лябараторыяў".

Захворваньне на яшчур праяўляецца хутка — праз 72 гадзіны пасьля пранікненьня вірусу ў арганізм, і таму, паводле галоўнага вэтэрынарнага інспэктара, практычна выключана, што па віне вэтэрынарных службаў мяса хворых жывёлін можа трапіць у крамы.

XS
SM
MD
LG