Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАРГОВАЯ СПРАВАЗДАЧА КАМІТЭТУ АБАРОНЫ ЖУРНАЛІСТАЎ


Юры Дракахруст, Прага

Журналістыка па-ранейшаму застаецца небясьпечнаю прафэсіяй: летась ва ўсім сьвеце 24 журналісты загінулі, 81 – патрапілі ў вязьніцы за прафэсійную дзейнасьць. У справаздачы адзначаецца, што дзяржаўныя ворганы некаторых краінаў не прыкладаюць належных высілкаў, каб дасьледаваць выпадкі забойства журналістаў. У якасьці прыкладаў такіх краінаў названыя Расея і Ўкраіна. Галоўнае абвінавачаньне на адрас Украіны зьвязанае з трагічным зьнікненьнем і забойствам рэдактара Інтэрнэт-газэты “Украінская праўда” Георгія Гангадзэ. Камітэт абароны журналістаў спасылаецца на наяўнасьць сьведчаньняў таго, што да злачынства мелі дачыненьне высокапастаўленыя асобы Ўкраіны, у тым ліку і прэзыдэнт Кучма.

Сумнае лідэрства па колькасьці забітых журналістаў у 2000 годзе трымаюць Расея, Калумбія і С’ерра-Леоне: у кожнай з гэтых краінаў было забіта па тры корэспандэнты. Выканаўчы дырэктар Камітэту абароны журналістаў Энн Купэр лічыць гэта невыпадковым:

(Купэр: ) “У гэтых краінах ёсьць шмат агульнага. Журналістаў забіваюць і амаль ніколі нікога не прыцягваюць да адказнасьці. У такіх краінах, як Расея, людзі зразумелі – калі вы забіваеце журналіста, вы можаце пазьбегнуць адказнасьці”.

У справаздачы Камітэту адзначаецца агульнае пагаршэньне сытуацыі са свабодай слова ў Расеі: прыгадваюцца справа карэспандэнта Радыё Свабода Бабіцкага, увядзеньне цэнзуры ў Чачні, зьяўленьне дактрыны інфармацыйнай бясьпекі, юрыдычны перасьлед незалежных мэдыяў.

Істотнае месца адведзенае ў справаздачы і Беларусі: у сьпісе самых важных падзеяў, якія характарызуюць стан свабоды слова ў сьвеце, адзначаныя зьнікненьне апэратара ОРТ Дзьмітрыя Завадзкага і канфіскацыя друкавальнага абсталяваньня незалежнай друкарні “Мэджык”. У разьдзеле, адмыслова прысьвечаным Беларусі, прыводзіцца падрабязная храналёгія парушэньняў свабоды слова ў краіне: ад міліцэйскага “хапуна” 25 сакавіка, калі былі арыштаваныя 35 журналістаў, да пазбаўленьня ліцэнзіі менскай тэлекампаніі “8-мы канал” у апошні дзень летась.

У справаздачы канстатуецца адсутнасьць паляпшэньня, а то і пагаршэньне сытуацыі ў галіне свабоды слова амаль ва ўсіх постсавецкіх краінах. Пэўны прагрэс адзначаны толькі ў Грузіі і ў Малдове. Кардынальныя зьмены, паводле меркаваньня Камітэту аховы журналістаў, адбыліся у Сэрбіі і ў Харватыі, што зьвязана з палітычнымі зьменамі ў гэтых краінах – перамогай на выбарах дэмакратычных сілаў.

Праваабаронцы адзначаюць, што наданьне друку большай свабоды ў шэрагу краінаў Усходняй Эўропы зьвязана зь іх імкненьнем да інтэграцыі ў эўрапейскія структуры, у першаю чаргу ў Эўразьвяз. Абмежаваньні свабоды слова ёсьць істотная перашкода на шляху гэтай інтэграцыі, і ўрады, што імкнуцца весьці свае краіны ў Эўропу, мусяць забясьпечваць свабоду слова. Як адзначыла выканаўчы дырэктар Камітэту абароны журналістаў Энн Купер, найбольш сур’ёзныя парушэньні свабоды слова назіраюцца ў тых краінах, якія ігнаруюць меркаваньні ўсясьветнай супольнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG