Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАМІТЭТ АБАРОНЫ ЖУРНАЛІСТАЎ ЧАКАЕ АД УЛАДАЎ БЕЛАРУСІ РЭАКЦЫІ НА СВАЮ СПРАВАЗДАЧУ


Юры Дракахруст, Прага

(Дракахруст: ) “Сп-ня Парэцкая, як сытуацыя са свабодаю слова ў Беларусі выглядае ў параўнаньні зь іншымі краінамі рэгіёну?”

(Парэцкая: ) “Я мяркую, што Беларусь – адна з краінаў, дзе становішча са свабодай прэсы найгоршае ў рэгіёне сярод краінаў былога Савецкага Саюзу і Ўсходняй Эўропы. Асабліва ў параўнаньні з краінамі Ўсходняй Эўропы, такімі як Польшча і Славаччына. Але нават ў параўнаньні з краінамі былога СССР , з той жа Расеяй, Украінай, Казахстанам, Азэрбайджанам, Беларусь, я б сказала, стаіць на адным зь “першых” месцаў. Я мяркую, што ў параўнаньні з Азэрбайджанам і Казахстанам Беларусь – лідэр па парушэньнях свабоды друку”.

(Дракахруст: ) “Як сытуацыя ў 2000 годзе зьмянілася ў параўнаньні з 1999 годам?”

(Парэцкая: ) “Мне падаецца, што становішча прыблізна параўнальнае з тым, якое было ў 1999 годзе. Мы заўважылі толькі некаторыя зьмены ў мэтадах, якія ўлады ўжываюць ў дачыненьні да незалежнага і апазыцыйнага друку. Нашая праца ня можа лічыцца ўсеабдымнаю, але мы ў мінулым годзе ня вызначылі ніводнага выпадку судоў над газэтамі, якія скончыліся б вялікімі штрафамі, якія б газэты не маглі заплаціць і вымушаныя былі б зачыніцца. Мы вызначылі, што мэтады ўладаў сталі менш накіраванымі на індывідуальныя мэдыі і асобных журналістаў, хаця і гэта было, але яны накіроўвалі сваю дзейнасьць на незалежны і апазыцыйны друк агулам праз друкарні.

Адзін з такіх выпадкаў – справа друкарні “Мэджык” у Менску. Гэта – адзіная незалежная друкарня ў краіне, якая друкуе грамадзка-палітычныя выданьні, і ў нас такое адчуваньне, што ўлады спрабавалі зачыніць ці прыпыніць дзейнасьць гэтай друкарні, каб шмат газэтаў не маглі выходзіць ці былі вымушаныя шукаць іншых мейсцаў для друку на менш выгадных умовах.

Я вымушаная падкрэсьліць, што ў 2000 годзе ў Беларусі быў першы выпадак зьнікненьня журналіста – Дзмітрыя Завадзкага, апэратара расейскага тэлеканалу ОРТ. Нас гэты выпадак надзвычай непакоіць, паколькі мы ўпэўненыя, што яго зьнікненьне зьвязанае з яго прафэсійнай дзейнасьцю. Па-другое, мы практычна ўпэўненыя, што гэтае зьнікненьне было нейкім чынам справакаванае ўладамі. Хаця, магчыма, не асабіста прэзыдэнтам ці іншай афіцыйнай асобаю, але гэта бясспрэчна сыходзіла з каляўрадавых колаў. Нас таксама непакоіць адсутнасьць ва ўладаў жаданьня дасьледаваць гэтую справу і дасьледаваць яе адкрыта і галосна”.

(Драказруст: ) “Ці была нейкая рэакцыя афіцыйнага Менску на вашую леташнюю справаздачу? Якой рэакцыі чакае Камітэт абароны журналістаў на сёлетнюю справаздачу?”

(Парэцкая: ) “Наколькі мне вядома, рэакцыі беларускіх уладаў ніякай не было. Мы часьцяком пішам лісты пратэсту, адрасаваныя прэзыдэнту Лукашэнку, і таксама накіроўваем гэтыя лісты ў амбасаду Беларусі ў Вашынгтоне. На жаль ніякай рэакцыі мы не атрымліваем. Шчыра кажучы, я мяркую, што мы не чакаем ніякай рэакцыі і сёлета, хаця мы б вельмі хацелі, каб яна была, і каб нашае меркаваньне было ўлічанае ў ацэнцы сытуацыі са свабодаю друку ў Беларусі, і каб улады неяк прынялі нашае меркаваньне пад увагу і спынілі ціск на незалежную прэсу. Акрамя таго, мы вельмі хацелі б пачуць ад уладаў пра зьнікненьне Завадзкага. Гэты выпадак нас вельмі хвалюе і ніякай шчырай, прамой інфармацыі мы не атрымлівалі. Мы хацелі б спадзявацца, каб нашая справаздача падштурхнула ўлады ўсё ж прыняць нейкія захады, а па-другое – паінфармаваць грамадзкасьць, у тым ліку і нас, наконт таго, як праходзіць гэтае дасьледаваньне”.


XS
SM
MD
LG