Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАРАЛЬНЫЯ АЎТАРЫТЭТЫ: У БЕЛАРУСАЎ І СУСЕДЗЯЎ, РАНЕЙ І СЁНЬНЯ


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Цікава, што б вы адказалі, калі б я спытаўся пра вашыя маральныя аўтарытэты? Прадбачу сёньняшні разнабой і думаю, як усё ж шмат зьмянілася за апошнія дзесяць гадоў. У савецкай Беларусі часта і ахвотна ў такіх выпадках згадвалі Пятра Машэрава. Адзначалі ягоную абаяльнасьць, інтэлігентнасьць, нават самастойнасьць у палітыцы. Памятаю, падшпаркам я апынуўся ў нейкім сьвяточным натоўпе на Круглай плошчы, акурат, калі да народу падыйшоў Машэраў. "Ну, ці будзем сёлета з дажджом?" - запытаўся ён, зусім як той дэ Голь, які ў францускай вёсцы пытаўся ў сялянаў: "Ці ёсьць у вас вада?"

Машэраўскія самастойнасьць і дбаньне пра краіну напавер аказаліся блефам. На ягоным сумленьні русіфікацыя і ператварэньне Беларусі ў "зборачны цэх Саюзу", нібы наўмысна, каб ужо ніколі ня вырвалася, каб і ў думках не ўявіла сябе незалежнай. Тым ня менш, аўтарытэтам ён быў. І ніхто ў той кастрычніцкі холад не зганяў людзей у кілямэтровую чаргу да ягонае труны. Мабыць якраз за Машэравым беларусы канчаткова аформіліся як народ улады. Не рэлігіі і нацыянальнай традыцыі, а менавіта ўлады. Вось парадокс - маючы зусім бутафорскую дзяржаўнасьць, былі дзяржаўнікамі, не параўнаць зь сёньняшнімі, калі маем дзяржаўнасьць рэальную. А можа і няма тут парадоксу. Як той казаў, што маем - не беражэм, а толькі страціўшы - шкадуем.

Забягаючы наперад, скажу, што ў апытаньні менчукоў, якое мы падрыхтавалі для сёньняшняй перадачы, ніхто зь дзясяткаў выпадкова запыненых на вуліцы рэспандэнтаў не спаслаўся на маральны аўтарытэт улады. Калі ня браць на ўлік пару згадак таго ж Пятра Машэрава. Гэта ня значыць, што ў сёньняшніх беларусаў няма ў гэтай справе агульных прыярытэтаў. Але пра тое крыху пазьней.

Трэба мець на ўвазе неабсяжнасьць і адноснасьць пастаўленага пытаньня і самога паняцьця "маральны аўтарытэт". Нехта лічыць, што гэткім увогуле ня можа быць чалавек грэшны. А нехта пачне гаварыць пра зададзеную амаральнасьць палітыкі. І гэтак далей. Тым ня менш, мы зусім ня гэтак гаворым пра тое сёньня, як казалі б 10 і 20 гадоў таму. Гэта значыць, што нашыя ўяўленьні зьмяняюцца і паняцьце "маральнага аўтарытэту" дапамагае нам тыя зьмены выявіць ды лепей зразумець сябе як народ. Зь іншага боку, мы ня гэтак гаворым пра тое, як нашыя суседзі - літоўцы, расейцы, украінцы. І тут паняцьце "маральнага аўтарытэту" таксама дапамагае нам бачыць сябе ў люстэрку іншых адрознымі і самакаштоўнымі.

У літоўцаў за мінулыя 10 гадоў адбылося паступовае растрачваньне маральнага аўтарытэту, які меў Вітаўтас Лансбергіс. Якімі прамяністымі паглядамі сустракалі яны колісь лідэра "Саюдзіса"! А цяпер найчасьцей махаюць рукой. Праўда, мне думаецца, што тут - той самы прынцып: што маем - тое ня цэнім. Лансбергіс фактычна 10 гадоў кіраваў дзяржавай, памяняўшы свой маральны аўтарытэт на палітычныя мэты: дасягненьне і ўмацаваньне незалежнасьці, міжнародны прэстыж краіны, пераацэнка савецкага пэрыяду гісторыі. Усе гэтыя мэты дасягнутыя. У такіх выпадках маральны аўтарытэт чалавека перамяшчаецца з рэальнасьці ў школьныя падручнікі і робіцца набыткам будучых пакаленьняў.

А вось расейская сытуацыя. Здавалася б дзе й казаць пра маральныя аўтарытэты, дык гэта ў Расеі. Тэму працягне Сяргей Харэўскі”.

(Сяргей Харэўскі: ) “Некалі ў "перастройку" ў сьценах пецярбурскай Акадэміі Мастацтваў мне давялося слухаць акадэміка Дзьмітрыя Ліхачова. Эрудыцыя і інтэлект - уражвалі. Ён мог казаць пра старжытнарускую літартуру, тэалёгію, мастацтва Бізантыі ці - толькі пра паркі пецярбурскіх ваколіц. Студэнтам моцна імпанавала ягоная заўсёдная сумнаватая ўсьмешка. Мы ведалі, што колісь яго арыштоўваў НКВД, і імкнуліся зьвесьці размову на ацэнкі камунізму. А ён унікаў гэтае тэмы і казаў нешта зусім іншае. "Я перажыў багата гістарычных падзеяў, нагледзеўся празь меру дзіўнага і хачу казаць адно пра расейскую інтэлігенцыю, не даючы ёй пэўнага вызначэньня, толькі разважаючы пра яе лепшых прадстаўнікоў... Інтэлігентнасьць – гэта інтэлектуальная свабода. Ня вольны інтэлігентны чалавек толькі ад свайго сумленьня й думкі сваёй...". Акадэмік шмат спасылаўся на Дастаеўскага, часам згадваў сваіх настаўнікаў і сяброў, зь якімі патрапіў у бальшавіцкі чысьцец. Але без трагізму... Ведаючы, што ён ніколі не хаваў сваёй рэлігійнасьці, мы, як наіўныя нэафіты, пыталіся, ці верыць ён у канец сьвету. Ён зноў усьміхаўся, азіраў слухачоў і ціха пытаўся: "Хто ведае, можа ён ужо й пачаўся? А?" Згадваў Ліхачоў Салжаніцына й Сахарава. Гэта ён нагадаў нам, што Андрэй Сахараў быў першым, хто пасьля вайны публічна выступіў супраць сьмяротнае кары. Да Салжаніцына акадэмік ставіўся нібы іранічна, хоць адзначаў, што той напісаў вартыя ўвагі рэчы. Цяпер я, бадай, разумею, скуль бралася іронія. Ліхачоў быў чалавекам амаль бездакорнага густу і любіў Дастаеўскага. Калі ж Салжаніцын зьяўляўся на тэлеэкране і ўсяляк дэманстраваў сваё зьнешняе падабенства з Хведарам Міхайлавічам, нават сурдут і позу абіраў рыхтык як на партрэце Пярова, гэта не магло яго не сьмяшыць.

(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)

XS
SM
MD
LG