Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОМЕЛІ АБ’ЯДНАЛІСЯ НЕФАРМАЛЬНЫЯ СУПОЛКІ МОЛАДЗІ


Казімер Яноўскі, Гомель

Упершыню за круглым сталом сустрэліся лідэры 47 моладзевых суполак з Рэчыцы, Гомелю, Сьветлагорску, Мазыра ды іншых мястэчак Гомельшчыны.

Кіраўнік цэнтру "Гарт" Сяргей Адзінец на адкрыцьці круглага стала зазначыў, што сярод моладзі пашыраецца меркаваньне, што няма пэрспэктываў для маладых людзей у нашай краіне. Моладзь не задаволеная эканамічнай ды палітычнай сытуацыяй у Беларусі, ейнай міжнароднай ізаляванасьцю ды немагчымасьцю рэалізаваць свае ідэі.

Нядаўні выпускнік унівэрсытэту Яўген Малікаў засьведчыў, што маладых спэцыялістаў прыгнятае прымусовае разьмеркаваньне на працу, у тым ліку і ў забруджаныя радыяцыяй раёны, мізэрныя заробкі, супрацьдзеяньне так званых аддзелаў моладзі райвыканкамаў любым нефармальным ініцыятывам.

Шмат хто з маладых думае пра эміграцыю ў Заходнюю Эўропу. Падтрымка ўрадавымі структурамі ў моладзевым асяродку толькі праўрадавай арганізацыі БПСМ, на думку Зьмітра Кнышава, выклікала яшчэ адну праблему — раскол маладых людзей па палітычных прыкметах.

(Кнышаў: ) "Сярод моладзі палітычны раскол, на маю думку, ненатуральны. І яго адмыслова паглыбляюць".

Натальля Брэль з суполкі "Малады Мазыр" распавяла пра перасьлед тых, хто размаўляе па-беларуску ды неяк засьведчвае сваю прыхільнасьць да гістарычных сымбаляў Беларусі. Перайначыць сытуацыю, лічыць спадарыня Брэль, можна толькі праз актыўны ўдзел моладзі ў выбарах, найперш выбарах кіраўніка дзяржавы.

(Брэль: ) "Моладзь нашай арганізацыі выйсьце бачыць толькі ў зьмене кіраўніцтва. Моладзь патрабуе пераменаў".

Удзельнікі круглага стала прыйшлі да высновы стварыць сетку моладзевых арганізацыяў у Гомельскай вобласьці — гэта будзе нечым кшталту нефармальнага зьвязу для абмену інфармацыяй, досьведам, ажыцьцяўленьня супольных праграмаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG