Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

РАСЕЯ НАСТОЙВАЕ НА СТВАРЭНЬНІ АДЗІНАГА ЭМІСІЙНАГА ЦЭНТРУ


Міхал Стэльмак, Менск

Тэму фінансавых непаразуменьняў Масквы й Менску чарговы раз справакаваў на мінулым тыдні віцэ-прэм'ер Расеі Аляксей Кудрын. Ён выказаў сумнеў, што Беларусі дадуць стабілізацыйны крэдыт. Першую траншу гэтага крэдыту каманда Аляксандра Лукашэнкі разьлічвала атрымаць яшчэ летась.

Расейскі чыноўнік патлумачыў, што для станоўчага рашэньня патрэбныя дадатковыя перамовы. Зь сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі Пятра Пракаповіча вынікае, што Менск не задаволены такім разьвіцьцём падзеяў. Гэтую незадаволенасьць спадар Пракаповіч выказаў нашаму радыё:

"Мы не прынялі рашэньня пра адзіны эмісійны цэнтар, таму што тут беларускі Нацбанк і Цэнтрабанк Расейскай Фэдэрацыі маюць розныя падыходы. Мы прапануем стварыць эмісійны цэнтар у адпаведнасьці з Саюзнай дамовай.

Дзьве дзяржавы мусяць мець роўныя ўмовы ў пытаньні эмісійнага цэнтру, і мы на гэты конт далі свае прапановы. Але, на жаль, пакуль расейскі бок, кіраўніцтва Цэнтрабанку Расеі ня “высьпела” да такога кардынальнага рашэньня", — зазначыў Пётар Пракаповіч.

А вось якое меркаваньне пра пазыцыю Масквы наконт стабілізацыйнага крэдыту выказаў нашаму радыё былы супрацоўнік Нацбанку, вядомы фінансавы экспэрт Валеры Дашкевіч:

(Дашкевіч: ) "На мой погляд, тут дзьве прычыны, якія не спрыяюць атрыманьню расейскага стабілізацыйнага крэдыту.

Першае, Расея сама павінна плаціць Парыскаму клюбу. З-за гэтага ім давялося перагледзець бюджэт і знайсьці грошы, каб заплаціць. У такіх варунках прадастаўляць Беларусі крэдыт ім палітычна ня надта ёмка.

Па-другое, яны хацелі б мець гарантыі вяртаньня крэдыту. А паколькі такімі гарантыямі зьяўляюцца рынкавыя рэформы, то яны настойваюць, каб Беларусь іх у поўным аб’ёме ажыцьцявіла. А паколькі першым крокам зьяўляецца прыватызацыя, то расейцы настойваюць на іх".

(Карэспандэнт: ) "На ваш погляд, стабілізацыя беларускага рубля пры дапамозе расейскіх грошай — гэта эканамічны момант ці ад пачатку ідэя мела палітычны зьмест?"

(Дашкевіч: ) "І тое, і другое. Рэч у тым, што беларускі рубель можна ўтрымліваць і без стабілізацыйнага крэдыту. Дастаткова ўсталяваць кантроль над грашовай масай.

З другога боку, беларуская эканоміка зараз не гатовая да жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі. Бо гэта выкліча рэзкае павелічэньне прадпрыемстваў-банкрутаў і — як вынік — беспрацоўе. А гэта ўжо палітычны чыньнік, вельмі важны напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў".

Лёс стабілізацыйнага крэдыту ўжо неўзабаве, як паведаміў сёньня Пётар Пракаповіч, зноў вынясуць на міждзяржаўнае абмеркаваньне. Яно мае адбыцца напрыканцы сакавіка ў Магілёве — на паседжаньні Міжбанкаўскай рады Беларусі й Расеі.

XS
SM
MD
LG