Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫСОКАЯ ЯЎКА – ВЫНІК ПРАЦЫ АДМІНІСТРАЦЫЙНАЙ СЫСТЭМЫ


Валер Каліноўскі, Менск

Паводле інфармацыі Цэнтарвыбаркаму, у асобных акругах — у прыватнасьці, у Берасьці й Баранавічах, яўка выбаршчыкаў дасягнула 80% і болей.

Базай для такога незвычайнага выніку стала пяцідзённае датэрміновае галасаваньне, якое мела рэкордныя маштабы — 15-18% у Менску, 20-30% у іншых акругах, а ў Баранавічах — больш як 30%.

На думку старшыні Цэнтарвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, тут не было парушэньняў, проста ўлады стваралі ўмовы, каб выбаршчыкі прыйшлі на ўчасткі. Рэкордныя вынікі Ярмошына патлумачыла і ўдала абраным часам для правядзеньня выбараў:

(Ярмошына: ) "Сакавік — увогуле найпрыдатны месяц для выбарчых кампаніяў, яшчэ па дакладным азначэньні айца ўсіх народаў Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна".

Сярод 22 кандыдатаў, што прайшлі ў другі тур, амаль палова — чыноўнікі розных органаў выканаўчай улады, і толькі чатыры прадстаўнікі апазыцыйных партыяў — тры ПКБ і адзін ад "Народнай грамады" (апошні — Леанід Ермаковіч зь Берасьця). Рэшта грамадоўцаў (гэта яшчэ тры кандыдаты, у тым ліку старшыня гэтай партыі Мікола Статкевіч) занялі трэція месцы і з наступнай барацьбы выбылі.

Тры кандыдаты па Коласаўскай акрузе Менску сёньня заявілі, што выбары былі сфальсыфікаваныя — вынік быў дасягнуты, дзякуючы рэкорднаму па маштабах выкарыстаньню адміністрацыйнага рэсурсу, выкрэсьліваньню тысячаў выбаршчыкаў са сьпісаў, уціску на выбаршчыкаў, пяцідзённаму некантраляванаму датэрміноваму галасаваньню. Паводле падлікаў аднаго з кандыдатаў, Васіля Сільчука, у выбарах рэальна бралі ўдзел толькі 30-40% выбаршчыкаў.

Кіраўнік Цэнтральнай рады ў справе назіраньня за выбарамі Мечыслаў Грыб мяркуе, што гэтыя выбары сталі рэпэтыцыяй выбараў прэзыдэнцкіх:

(Грыб: ) "Сёньня рэпэтыцыя. Каму патрэбныя тыя 13 дэпутатаў — ёсьць яны ці няма іх. Гэта ўсё рабілася як рэпэтыцыя да наступных выбараў, каб паглядзець, ці можна такім шляхам нечага дасягнуць".

Мечыслаў Грыб лічыць, што выкарыстаньне ўладамі адміністрацыйнага рэсурсу каардынавалася зьверху:

(Грыб: ) "Выканаўчая ўлада дала канкрэтныя разнарадкі: колькі чалавек мусіць прагаласаваць датэрмінова, колькі трэба сабраць галасоў па месцы жыхарства на выбарчыя урны. Усё ўлада трымае пад кантролем.

Акрамя таго, далі ўказаньні кіраўнікам прадпрыемстваў, арганізацыяў, каб яны забясьпечылі 100%-ны ўдзел у выбарах сваіх рабочых. Нават подпісы бралі ў некаторых месцах".

Спадар Грыб зазначыў, што падобнае ўмяшаньне выканаўчай улады ў выбарчы працэс ёсьць парушэньнем заканадаўства.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG