Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КААЛІЦЫЯ “НЕЗАЛЕЖНЫ ПОГЛЯД”: ДАВЫБАРЫ ПРАЙШЛІ СА ШМАТЛІКІМІ ПАРУШЭНЬНЯМІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Прадстаўнікі “Незалежнага погляду” разам зь сябрамі Каардынацыйнай рады ў справе назіраньня за выбарамі пад кіраўніцтвам Мечыслава Грыба прысутнічалі ўчора на ўсіх выбарчых участках, усіх 13 акругаў, дзе праводзіліся давыбары. Маштаб парушэньняў заканадаўства іх вельмі ўразіў. Сёньня яны правялі з гэтай нагоды прэсавую канфэрэнцыю. Гаворыць адзін з кіраўнікоў арганізацыі Алесь Бяляцкі:

(Бяляцкі: ) "Усе каардынатары, усе, хто сачыў за папярэднім галасаваньнем ды падзеямі ўчорашняга дня, кажуць, што гэткіх фальсыфікацыяў ды нахабных, бесцырымонных паводзінаў выканаўчай улады мы яшчэ ня бачылі".

Назіральнікі “Незалежнага погляду” вызначылі тры асноўныя групы парушэньняў уладамі выбарчага закону. Гэта сьвядомае заніжэньне колькасьці зарэгістраваных на ўчастку выбаршчыкаў, ускладненьне працэдуры рэгістрацыі назіральнікаў і адмова даць ім інфармацыю, а таксама выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу дзеля забесьпячэньня яўкі выбаршчыкаў.

Паводле зьвестак назіральнікаў “Незалежага погляду”, на шэрагу ўчасткаў у Менску, Баранавічах і ў Барысаве многіх выбаршчыкаў проста выкрэсьлівалі са сьпісаў. Так, на ўчастках Каліноўскай выбарчай акругі Менску сьпісы выбаршчыкаў былі скарочаныя на 20-40%. А ў адной баранавіцкай акрузе сваіх прозьвішчаў у сьпісах для галасаваньня не змаглі знайсьці каля 6 000 грамадзянаў.

Паўсюль сябры камісіяў адмаўляліся прадастаўляць назіральнікам інфармацыю пра колькасьць выбаршчыкаў, якія бралі ўдзел у галасаваньні, многім людзям выдавалі бюлетэні без прад’яўленьня пашпарту, прадстаўнікі выканаўчай вэртыкалі актыўна мяшаліся ў працу выбарчых камісіяў.

Але найбольш масавыя парушэньні зьвязаныя з выкарыстаньнем уладамі гэтак званага адміністрацыйнага рэсурсу. Вось толькі адзін прыклад, які прывёў каардынатар “Незалежнага погляду” па Менску Валянцін Стэфановіч:

(Стэфановіч: ) "Два чалавекі, што жывуць у інтэрнаце Менскага электратэхнічнага заводу, напісалі акт назіральнікам пра тое, што камэндантка інтэрнату прымушала іх пад пагрозай высяленьня з інтэрнату ўдзельнічаць у выбарах.

Я прыйшоў да іх у інтэрнат. Чалавек жыве ў маленькім пакойчыку 20 гадоў, і ня сорамна ж уладам прымушаць людзей галасаваць, пагражаючы высяленьнем!"

Алесь Бяляцкі лічыць, што, каб ня масавыя парушэньні закону з боку ўладаў, давыбары ў г.зв. палату прадстаўнікоў не адбыліся б. На ягоную думку, улады пайшлі на такі крок, каб запалохаць выбаршчыкаў і паказаць ім, што на будучых прэзыдэнцкіх выбарах усё роўна пераможа Лукашэнка.

Прадстаўнікі “Незалежнага погляду” будуць абскарджваць вынікі выбараў у пракуратуры і ў судзе, а таксама накіруюць усе дакумэнтальна пацьверджаныя факты парушэньняў закону ў міжнародныя арганізацыі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG