Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАНСТЫТУЦЫЯ 1994 ГОДУ: ВЫНІКІ І НАСТУПСТВЫ


Юры Дракахруст, Прага

(Дракахруст: ) “Сёньня – гадавіна прыняцьця першай Канстытуцыі незалежнай Беларусі. У 1996 годзе гэтая Канстытуцыя была растаптаная рэфэрэндумам, які меў характар дзяржаўнага перавароту. На ваш погляд, якую ролю адыграла і, магчыма, адыгрывае дагэтуль Канстытуцыя 1994 году ў беларускай гісторыі? Алена Радкевіч, Вам слова:.

(Радкевіч: ) “Канстытуцыя 1994 году ў любым выпадку застанецца ў беларускай гісторыі, бо гэта – першая Канстытуцыя незалежнай Беларусі. Разам з тым трэба прызнаць, што ў ёй было шмат недахопаў, было зразумела, што ў пэрспэктыве яна запатрабуе карэкцыі. Гэтая Канстытуцыя не прадугледзела абароны ад шэрагу момэнтаў, пасткаў, якія чакалі краіну пры прэзыдэнцкай рэспубліцы”.

(Дракахруст: ) “Сяргей Навумчык, Вам слова”.

(Навумчык: ) “Я мяркую, што тыя недасканаласьці, пра якія казала Алена, былі вынікам таго, што Канстытуцыя прымалася парлямэнтам – Вярхоўным Саветам 12-га скліканьня, – які быў абраны яшчэ ў СССР. Не былі праведзеныя выбары пасьля аднаўленьня незалежнасьці, у парлямэнце заставаліся сілы, якія не адлюстроўвалі патрэбы часу. Нагадаю, што фарсіраваў прыняцьцё Канстытуцыі тагачасны прэм’ер Вячаслаў Кебіч, які імкнуўся ўвесьці прэзыдэнцтва. Нагадаю таксама, што апазыцыя БНФ выступала супраць гэтага, і гаварыла, што ўвядзеньне прэзыдэнцтва ў грамадзтве, якое яшчэ не сасьпела да такой формы кіраваньня, можа прывесьці да непажаданых вынікаў, што, зрэшты, і адбылося. Канстытуцыя, на жаль, прымалася з парушэньнем часовага рэглямэнту Вярхоўнага Савету, і апазыцыя ня ўдзельнічала ў яе прыняцьці. Тым ня менш яна, безумоўна, вызначала пэўныя правілы, пэўныя нормы палітычнага і дзяржаўнага жыцьця. Гэтыя нормы, калі і павінныя былі быць зьмененыя, то толькі легітымным чынам, а зусім ня так, як гэта было зроблена ў 1996 годзе”.

(Дракахруст: ) “Канстытуцыя 1994 году даволі доўга рыхтавалася, яе распрацоўшчыкі спрабавалі ўсталяваць ў ёй балянс паміж рознымі сіламі ды інтарэсамі. Я б хацеў прыгадаць, што ёю абумоўленыя два чыньнікі, якія і зараз шмат ў чым вызначаюць беларускае жыцьцё. Па-першае, гэта пасада прэзыдэнта, уведзеная гэтай Канстытуцыяй. Па-другое, легітымнасьць Вярхоўнага Савету, які зараз на міжнароднай арэне зьўляецца пэўнай процівагаю лукашэнкаўскаму самаўладзьдзю, гэтая легітымнасьць таксама грунтуецца на Канстытуцыі 1994 году.
Алена сказала пра пасткі і памылкі Канстытуцыі. Але яшчэ старажытныя рымляне задавалі пытаньне: што першаснае – законы ці звычаі? Ці магла Канстытуцыя 1994 году прадухіліць нешта з таго, што адбылося ў Беларусі з 1994 году?”

(Радкевіч: ) “Ня варта забываць, што ўсе краіны, што ўзьніклі пасьля распаду СССР, вучыліся дэмакратыі, для кожнай зь іх гэта было новай зьяваю, і не адна Беларусь патрапіла ў такую сытуацыю. Гэта праўда, што беларускае грамадзтва – даволі традыцыйнае, яно ў значнай ступені кіравалася і кіруецца інэрцыяй савецкіх дзесяцігодзьдзяў. Аднак мне падаецца, што Канстытуцыя 1994 году, пры ўсіх яе хібах, пры безумоўным яе выкананьні ўсё ж магла шмат што направіць, накіраваць па-новаму ў грамадзкім жыцьці. Сапраўды, грамадзяне не прызвычаіліся настойваць на выкананьні сваіх правоў, яны нават не прызвычаіліся да думкі, што такія правы ў іх існуюць. Але і чынавенства не прызвычаілася да выкананьня правоў людзей і, нават, не зьбіралася іх выконваць. Тое, што была пакінутая старая савецкая адміністрацыя, гэта ў рэшце рэшт паспрыяла таму, што грамадзтва засталося косным”.

(Дракахруст: ) “Мы ўжо ўскосна закраналі тэму Канстытуцыі, як балянсу паміж існуючымі палітычнымі сіламі краіны. Ці быў тады, у 1994 годзе, вытрыманы гэты балянс, ці Канстытуцыя была дысбалянсаванай?”

(Радкевіч: ) “Яшчэ да таго, як была прынятая гэтая Канстытуцыя, ужо можна было казаць пра нейкі балянс уладаў, які вельмі стрымліваў у свой час разьвіцьцё. Узгадайма, што, напрыклад, Станіслаў Шушкевіч, калі быў старшынём парлямэнту, ня мог самастойна прызначыць сабе намесьніка. З аднаго боку, гэта не было станоўчаю зьяваю, але з другога боку, гэта сьведчыла пра тое, што ёсьць сыстэма стрымліваньня, процівагаў, такі-сякі балянс. Што тычыцца Канстытуцыі 1994 году, ня варта забываць, што яна пісалася пад аднаго чалавека, не пад Лукашэнку, а пад тагачаснага прэм’ера Кебіча. І пісалася яна з разьлікам, каб улады ў прэзыдэнта было больш. Іншая справа, што потым ён запатрабаваў яе яшчэ больш. Але і на той час нельга было казаць, што гэта была збалянсаваная Канстытуцыя”.

(Дракахруст: ) “Сяргей, Вы пры прыняцьці Канстытуцыі былі не назіральнікам, а актыўным удзельнікам працэсу. Груба кажучы, ці можна было тады інакш дамовіцца?”

(Навумчык: ) “Тыя сілы, што выступалі супраць гэтага прэзыдэнцтва, складалі каля 15% дэпутацкага корпусу, што было недастаткова, каб заблякаваць канстытуцыйнае рашэньне. Тэарэтычна можна сказаць, што калі б апазыцыя пагадзілася з тым, што Кебіч на сваёй пасадзе прэм’ера ці нават у якасьці моцнага прэм’ера, будзе кіраваць дзяржаваю яшчэ гадоў пяць, то, магчыма, у яго б не было неабходнасьці фарсіраваць прыняцьцё Канстытуцыі. Але калі мы вернемся ў той час, то варта прыгадаць, што любы апазыцыянэр, які прапанаваў бы гэта, быў бы як мінімум апляваны на плошчы. Такую прапанову немагчыма было ўявіць, бо тады ў асобе Кебіча для дэмакратычных сілаў сканцэнтравалася ўсё зло. Нават з пазыцыі сёньняшняга дня мне цяжка ўявіць, як такая дамоўленасьць магла зьявіцца. Іншая справа, што гэта – урок і для ўлады, і для апазыцыі, што спрабаваць дамаўляцца часам неабходна”.

(Дракахруст: ) “Зараз Сяргей вельмі слушна сказаў пра ўрокі Канстытуцыі. Зараз, як вядома, большасьць апазыцыйных партыяў выступае за тое, каб вярнуцца да Канстытуцыі 1994 году, і разглядае ізноў жа адну асобу, як перашкоду на шляху гэтага вяртаньня. Як Вы лічыце, калі гэтая перашкода зьнікне, калі палітычныя ўмовы ў Беларусі зьменяцца, ці будзе адноўленая Канстытуцыя 1994 году? Я пытаю не пра тое, ці варта яе вяртаць, а пра тое, ці будзе яна вернутая?”

(Навумчык: ) “Адказ залежыць ад таго, ці зьменіць Лукашэнку чалавек дэмакратычных перакананьняў ці палітык аўтарытарнага тыпу. Калі гэта будзе чалавек аўтарытарнага тыпу, у ягоных інтарэсах будзе захаваць Канстытуцыю 1996 году, нават калі б ён хацеў правесьці рынкавыя рэформы, бо гэтая Канстытуцыя дае велізарныя паўнамоцтвы прэзыдэнту. Чалавек з дэмакратычнымі перакананьнямі, як бы яму таго не хацелася, будзе імкнуцца трансфармаваць Канстытуцыю ў бок зьмяншэньня паўнамоцтваў прэзыдэнта і павялічэньня ўлады парлямэнту”.

(Радкевіч: ) “Я мушу сказаць, што сёньня апазыцыя кажа ўжо ня проста пра вяртаньне Канстытуцыі 1994 году. Усё часьцей нам даводзіцца чуць меркаваньні, што ёсьць сэнс вярнуцца да парлямэнцкай рэспублікі. Так што, магчыма, калі да ўлады прыйдуць дэмакратычныя сілы, яны паспрабуюць скасаваць пасаду прэзыдэнта. Але і на гэтым шляху палітыкаў чакаюць шматлікія пасткі. Паўнавартастная парлямэнцкая рэспубліка магчымая толькі ў краіне з разьвітай палітычнай інфраструктурай, з разьвітай грамадзянскай супольнасьцю. А на сёньняшні дзень пры слабых палітычных партыях у Беларусі выглядае, што парлямэнцкая рэспубліка – таксама не найлепшае выйсьце для краіны”.

(Дракахруст: ) “Я зраблю кароткія высновы. Канстытуцыя 1994 году ў любым выпадку застанецца ў гісторыі хаця б як першая Канстытуцыя незалежнай Беларусі. Нашая дыскусія вызначыла, што пэўны дысбалянс паміж палітычнымі сіламі, які быў закладзены ў гэтай Канстытуцыі, у значнай ступені стаў прычынаю цяперашняга стану рэчаў. Адным з самых спрэчных у нашай гутарцы стала пытаньне: у выпадку палітычных зьменаў ці будзе адноўленная Канстытуцыя 1994 году, ці застанецца Канстытуцыя 1996 году”.


XS
SM
MD
LG