Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫЙШАЎ НОВЫ БЕЛАРУСКІ ЛІТАРАТУРНЫ ЧАСОПІС


Юрась Барысевіч, Менск

Таварыства Вольных Літаратараў і Беларускі саюз, што дзеіць на Беласточчыне, пачалі выдаваць новы літаратурны часопіс “Правінцыя”. Друкуюцца ў ім пераважна аўтары, заангажаваныя ў культурнае жыцьцё беларуска-польскага памежжа. Часопіс ужо мае ангельска-польска-беларускамоўны сайт па адрэсе http://pravincyja.republika.pl/

У Доме кіно прайшоў прэм’ерны паказ дакумэнтальнае стужкі Сьвятланы Бычэнкі “Ўцёкі сланоў з Расеі”. Фільм распавядае пра лёс індыйскіх ды афрыканскіх сланоў, якіх атрымлівалі ў падарунак ледзь ня ўсе расейскія цары й дыктатары. Наступным разам фільм пакажуць на травеньскім фэстывалі жаночага кіно — пры ўмове, што сам фэстываль адбудзецца, бо Міністэрства фінансаў дагэтуль не знайшло сродкі на яго.

Дзіцячы фонд духоўнага й сацыяльнага адраджэньня “Сакавік” і Таварыства “Беларусь — Ірляндыя” наладзілі ў парку імя М.Горкага парад і канцэрт у гонар дня Сьв. Патрыка. У нядзелю 80 ірляндцаў, што прывезьлі ў Беларусь гуманітарную дапамогу, наведаюць імшу ў Чырвоным касьцёле, а потым — гарады вакол Чарнобыльскае зоны.

Інстытут Гётэ й Таварыства гэбрайскае культуры наладзілі ў бібліятэцы імя Янкі Купалы выставу друкаваных ды іншамэдыйных носьбітаў інфармацыі на тэму “Жыцьцё гэбраяў у мястэчку і ў горадзе”. Сярод экспанатаў — 450 кніг і часопісных публікацыяў пра гэбрайскую культуру мінулых стагодзьдзяў. Частку экспанатаў для выставы пазычылі Франкфурцкі кніжны кірмаш і Польска-Гэбрайскае таварыства.

У Доме дружбы ўвесь тыдзень адбываліся паказы калекцыяў моднае вопраткі ды аксэсуараў, створаных кутур’е з абласных і раённых цэнтраў. Менскія творцы пакажуць свае праекты апошнімі — 22 сакавіка. Паводле вынікаў фэстывалю будзе складзены першы ў Беларусі каталёг маладых дызайнэраў моды.

Гомельскі гурт “Стары Ольса”, які грае аўтэнтычную сярэднявечную музыку, выпусьціў на студыі “Каўчэг” свой першы кампакт-дыск “Келіх кола”. Усе 17 кампазыцыяў, якія раней можна было пачуць на рыцарскіх фэстывалях, “Стары Ольса” агучыў на прэзэнтацыі дыску, якая прайшла ў Тэатры эстрады Беларускага ўнівэрсытэту культуры. Назва гурту паходзіць ад найменьня ручая на Магілеўшчыне, дзе музыкі бралі ўдзел у архэалягічных раскопах.

Нацыянальныя мастацкія музэі Беларусі й Літвы ў чацьвер падпісалі Дамову пра сяброўства й супрацоўніцтва тэрмінам на 5 гадоў. У той самы дзень у Менску адчынілася выстава клясыка беларускага й літоўскага жывапісу Пётры Сергіевіча. Апошнім разам ягоныя палотны зь віленскіх збораў выстаўляліся ў мастацкім музэі Беларусі 40 гадоў таму.

XS
SM
MD
LG