Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСЬЛЯ ТЫДНЁВАГА ПЕРАПЫНКУ ЗНОЎ ВЫЙШЛА ГАЗЭТА “НАША СВАБОДА”


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Паводле рэдактара "Нашай свабоды" Паўла Жука, чыя пазыцыя выкладзеная ў рэдакцыйным артыкуле сёньняшняга нумару, вінаватая ў канфлікце друкарня "Мэджык", якая нібыта беспадстаўна адмовілася друкаваць газэту. Між тым, дырэктар "Мэджыка" Юры Будзько заяўляе, што "Наша свабода" мела запазычанасьць за 5 месяцаў.

Спрэчку ўскладніла й тое, што сама друкарня "Мэджык" вінная немалыя грошы за арэнду друкарскага станка фірмы "Знамение", да якой мае дачыненьне Павал Жук.

Выходзіць, некалькі месяцаў дзейнічаў прынцып ўзаемазаліку паміж фірмамі, але потым інтарэсы разышліся, і справа дайшла да спыненьня выхаду газэты.

Павал Жук заключыў дамову на друк газэты зь дзяржаўнай друкарняй "Чырвоная зорка". Паводле зьвестак, на падпісанай ім дамове з кіраўніцтвам друкарні ёсьць нават дазвольная рэзалюцыя кіраўніка Дзяржаўнага камітэту па друку Міхаіла Падгайнага.

Варта заўважыць, што ў свой час у “Чырвонай зорцы” друкавалася газэта "Навіны", а яшчэ раней "Свабода" — гэтыя газэты лічацца папярэдніцамі "Нашай свабоды".

Зь недзяржаўных выданьняў паслугамі "Чырвонай зоркі" таксама карыстаецца "Белорусская деловая газета", якая раней за "Нашу свабоду" пайшла з "Мэджыка". Павал Жук прадказвае, што ўжо праз тыдзень у гэтай друкарні не застанецца ніводнага з 15 недзяржаўных выданьняў.

Асноўнае, што траціць "Наша свабода" ад незаплянаваных перапынкаў — давер чытачоў. Заўважылі, што пасьля кожнага пэрыяду нявыхаду "Свабоды" і "Навінаў" гэтыя газэты гублялі значную колькасьць падпісчыкаў.

Гэтак, "Свабода" яшчэ пяць гадоў таму выходзіла накладам 70 000 асобнікаў, але была закрытая ўладамі. "Навіны" дасягалі накладу 25 000 асобнікаў, але таксама не ўратаваліся ад закрыцьця. "Наша Свабода" здолела захаваць толькі 10 000 былых прыхільнікаў і пакуль ня можа значна павялічыць свой наклад.


XS
SM
MD
LG