Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРШЫ ВІЗЫТ У БЕЛАРУСЬ ПРАДСТАЎНІКОЎ НОВАГА СКЛАДУ ДЗЯРЖДЭПАРТАМЭНТУ ЗША


Юры Сьвірко, Менск

Амэрыканскія дыпляматы Джон Пэрнэл і Грэг Пэрэт зьбіраюцца таксама сустрэцца з жонкамі палітычных зьняволеных ды зьніклых людзей.

18 сакавіка распачынаецца візыт у Беларусь намесьніка памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў справах новых незалежных дзяржаваў Джона Пэрнэла й дырэктара ўправы Ўкраіны, Малдовы й Беларусі Грэга Пэрэта. Вось што паведамілі пра мэты іхнага візыту ў інфармацыйнай службе амбасады ЗША ў Менску:

(Саламаха: ) "Спадары Пэрнэл і Пэрэт сустрэнуцца з прадстаўнікамі эканамічных і культурных колаў Беларусі, з афіцыйнымі асобамі беларускага ўраду, з прадстаўнікамі шырокага спэктру дэмакратычных арганізацыяў, з супрацоўнікамі няўрадавых арганізацыяў ды незалежных сродкаў масавай інфармацыі, старшынём КНГ АБСЭ паслом Вікам, жонкамі палітычных зьняволеных і зьніклых, а таксама з замежнымі дыпляматамі.

Мэта візыту — ацэнка бягучай палітычнай і эканамічнай сытуацыі ў Беларусі. Асаблівая ўвага будзе зьвернутая на наяўнасьць станоўчых зрухаў у забесьпячэньні свабоднага й справядлівага характару маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбараў, а таксама сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі", — зазначыў Аляксей Саламаха, супрацоўнік інфармацыйнае службы амэрыканскае амбасады ў Беларусі.

А прэсавы сакратар беларускага Міністэрства замежных справаў Павал Латушка, анансуючы візыт прадстаўнікоў Дзярждэпартамэнту ЗША, сказаў на брыфінгу:

(Латушка: ) "Прыезд высокапастаўленых супрацоўнікаў Дзярждэпартамэнту зьяўляеца фактычна першым візытам прадстаўнікоў новай адміністрацыі ЗША ў Беларусь.

Лічым неабходным падкрэсьліць, што любыя крокі новай адміністрацыі, якія б сьведчылі аб гатоўнасьці Злучаных Штатаў наладзіць прадуктыўнае ўзаемадзеяньне зь беларускімі ўладамі, будуць вітацца беларускім бокам.

Плянуецца, што намесьнік прэм’ер-міністра — міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў прыме прадстаўнікоў Дзярждэпартамэнту ЗША 19 сакавіка.

Таксама працуем над магчымасьцю арганізаваць сустрэчы амэрыканскіх дыпляматаў зь іншымі беларускімі афіцыйнымі асобамі".

Чакаецца, што ў аўторак, перад вылетам зь Менску, амэрыканскія дыпляматы наладзяць у аэрапорце брыфінг для журналістаў пра вынікі візыту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG