Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭКРЭТ ЛУКАШЭНКІ СУПЯРЭЧЫЦЬ МІЖНАРОДНЫМ ПРАВАВЫМ СТАНДАРТАМ


Алена Ціхановіч, Прага

(Білэк: ) “Гэты дэкрэт ужо на першы погляд несумненна супярэчыць сучасным міжнародным прававым стандартам. Урэшце, уся яго прававая канструкцыя гаворыць пра тое, што гэта таталітарная прававая норма – у юрыспрудэнцыі, між іншым, існуе такі тэрмін. Гэта значыць, такая норма, калі асаблівыя правілы паводзінаў і некаторыя спэцыяльныя умовы, якія ўводзяцца, супярэчаць ня толькі міжнародным прававым стандартам, але й выяўляюць недапушчальную меру мэтанакіраванасьці, адміністрыцыйных перашкодаў і непамерных санкцыяў”.

(Карэспандэнт: ) “Назіральнікі зьвяртаюць увагу, што дэкрэт выйшаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Зразумела, што правядзеньне выбараў у кожнай краіне фінансуецца з дзяржбюджэту. Тым ня менш, вядома, што на шырокае забесьпячэньне выбарчага працэсу ў розных формах выкарыстоўваюцца і замежныя сродкі. Як, напрыклад, заканадаўства рэгулюе фінансаваньне выбараў у Чэскай рэспубліцы?”

(Білэк: ) “У выпадку Чэскай Рэспублікі гэтая практыка, хаця яе таксама можна крытыкаваць, цалкам стандартная, звычайная. З аднаго боку, зразумела, галоўнай крыніцай фінансаваньня зьяўляецца дзяржаўны бюджэт. Тым ня менш, разам з гэтым, як тэарэтычна, так і практычна існуе даволі шырокая палітра далейшых магчымых крыніцаў, якія без усялякіх адмінінстрацыйных ці тэхнічных цяжкасьцяў можна ўжываць. Такім чынам, Чэская Рэспубліка нашмат больш лібэральная ў гэтых адносінах, бо выконвае міжнародныя прававыя стандарты”.

(Карэспандэнт: ) “Урад кожнай дзяржавы зацікаўлены ў сваёй стабільнасьці. Але гэта звычайна не азначае поўнай паралізацыі апазыцыйных сілаў. Ці вядомыя Вам з практыкі суседніх з Беларусьсю краінаў, якім чынам рэгулюецца, напрыклад, фінансаваньне апазыцыйных партыяў, апазыцыйнага друку? Ці існуюць недзе падобныя абмежаваньні, як у Беларусі?”

(Білэк: ) “Я не зусім пэўны, калі гаварыць пра краіны кшталту Ўкраіны ці Малдовы, але са сваіх візытаў маю адчуваньне, што і там досыць жорсткія адміністрацыйныя перасьцярогі і недапушчальныя абмежаваньні. Але калі гаварыць пра сытуацыю ў Сярэдняй Эўропе, у прыватнасьці, пра дзяржавы суседнія з Чэскай Рэспублікай або тыя, што знаходзяцца на захад ад яе межаў, дык нацыянальныя заканадаўствы там адрозьніваюцца максымальна спосабам спагнаньня з гэтых сродкаў падаткаў, які працэнт зь іх можна ужыць і гэтак далей.

Увогуле ж можна канстатаваць, што такая магчымасьць дапускаецца, а калі яна беспадстаўна абмяжоўваецца ці ствараюцца ўмовы, якія рознымі фармальнымі сродкамі робяць практычна немагчымым ужыць такую дапамогу – то такія нормы разглядаюцца як юрыдычна памылковыя. Яны ўласьцівыя для рэжымаў, якія можна схарактарызаваць як сярэдзіну паміж аўтарытарным і таталітарным, або проста для сапраўды таталітарнага рэжыму. Калі б параўновалі апошні дэкрэт беларускага прэзыдэнта з заканадаўствам Сярэдняй і Заходняй Эўропы, дык трэба адзначыць, што ён тут трымае першынство, ён сапраўды адзінкавы экзэмпляр. Гэтую норму, гэты дэкрэт я б ацаніў як рэзкі адыход ад існуючых міжнародных стандартаў. Мяркую, што ён справядліва стаў прадметам крытыкі”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG