Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СЛОНІМЕ НАВАЖЫЛІСЯ АКЦЫЯНАВАЦЬ ФАБРЫКУ ПУХА-ПЕР’ЕВЫХ ВЫРАБАЎ


Сяргей Астраўцоў, Слонім

У Слоніме падпісалі пратакол аб намерах — да 1 траўня інвэстар мусіць прадаставіць інвэстыцыйны плян. Расейская фірма займаецца рознай дзейнасьцю: будаўніцтвам, дрэваперапрацоўкай, гандлем ды іншым.

Са словаў дырэктара Слонімскай фабрыкі Ўладзімера Іванашкі, Беларусь трапіла ў сфэру дзейнасьці гэтай расейскай фірмы яшчэ раней. З удзелам тае фірмы акцыянаваная Менская фабрыка мяккай цацкі ды Івянецкі завод мастацкай керамікі. На чарзе — прадпрыемствы ў Слоніме ды ў Капылі.

Аднак Уладзімер Іванашка адмовіўся назваць расейскую фірму. Мне ўдалося даведацца, што завод у Івянцы быў у цяжкім фінансавым стане, пакуль ім не зацікавілася фірма "Соўпоў". Такую самую назву — замежнае прадпрыемства "Соўпоў" мае Менская фабрыка мяккай цацкі. Праўда, размаўляць там са мной не пажадалі.

Дырэктар Слонімскай фабрыкі Ўладзімер Іванашка сказаў, што калектыў прагаласаваў за акцыянаваньне адзінагалосна. Людзі спадзяюцца, што будуць мець заказы на прадукцыю ды большыя заробкі.

Сам дырэктар разьлічвае на фінансавую палёгку з боку дзяржавы. Дарэчы, сёлета стан Слонімскай фабрыкі пуха-пер'евых вырабаў палепшыўся. Сярэдні заробак рабочых — 70 000 рублёў.

Фірма, якая разьлічвае на 51% акцыяў Слонімскай фабрыкі, знаходзіцца ў сібірскім горадзе Сургут. Кіруе фірмай, кажа Ўладзімер Іванашкін, наш зямляк. Але ж усё адно менавіта расейская фірма апошнім часам актыўна дзейнічае на беларускім рынку маёмасьці, і гэта толькі адна фірма.

Паўстае пытаньне: ці ня сьведкі мы таго, пра што нядаўна папярэджваў член Нацыянальнага сходу Леанід Сініцын? Ён казаў, што нашу маёмасьць пачне хутка й за бесцань скупляць расейскі капітал.


XS
SM
MD
LG