Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ АДПАВЯДАЕ АПОШНІ ДЭКРЭТ ЛУКАШЭНКІ ЗАКАНАДАЎСТВУ І ЦІ БУДУЦЬ ТРЫМАЦЦА ЯГО НЕДЗЯРЖАЎНЫЯ СТРУКТУРЫ?


Віталь Цыганкоў, Менск

Апошні дэкрэт Лукашэнкі пра грамадзкія аб'яднаньні абмяркоўваюць за круглым сталом прэзыдэнт рэспубліканскага грамадзкага аб'яднаньня «Прававая ініцыятыва», былы сябар Канстытуцыйнага суду Валер Фадзееў і старшыня Беларускага Гельсынскага камітэту Тацяна Процька.

(Цыганкоў: ) "Ці адпавядае гэты дэкрэт заканадаўству? Наколькі ён юрыдычна карэктны?"

(Процька: ) "Я магу адразу сказаць, што дэкрэт парушае цяперашняе заканадаўства. Найперш тое заканадаўства, якое мы, грамадзкія арганізацыі, павінны выконваць — закон «Аб грамадзкіх аб'яднаньнях» і Канстытуцыю.

Возьмем артыкул 44 Канстытуцыі «Права на ўласнасьць». Гэты дэкрэт абмяжоўвае права распараджацца гэтай уласнасьцю. Увогуле, такога заканадаўчага акту нават за савецкім часам не было".

(Фадзееў: ) "Я згодны з ацэнкай спадарыні Процькі. Сапраўды, дэкрэт абмяжоўвае адно з падставовых правоў — права на ўласнасьць, гарантаванае Канстытуцыяй.

Таксама, на мой погляд, ёсьць відавочнае абмежаваньне і правоў грамадзкіх аб'яднаньняў. Калі аб'яднаньні атрымліваюць нейкую бязвыплатную дапамогу, то мэты выкарыстаньня гэтай дапамогі вызначаюць тыя, хто дапамогу дае, і Статут гэтай арганізацыі.

Што да права ўласнасьці, дык існуе такая норма, што ўласьнік вольны ў выкарыстаньні маёмасьці, але ў межах, вызначаных законам. Гэтыя межы вызначаюць, што выкарыстаньне права ўласнасьці не павінна шкодзіць правам ды інтарэсам іншых асобаў.

А зараз атрымліваецца, што гэтым дэкрэтам усталявалі нормы ня толькі для беларускіх суб'ектаў, але й для замежных спонсараў.

Калі нейкая грамадзкая арганізацыя выкарыстоўвае дапамогу для мэтаў, якія вызначае дэкрэт — «захоп або зьвяржэньне дзяржаўнай улады» і гэтак далей, то гэта праблема дзейнасьці гэтай арганізацыі. Але зьвязваць гэта з выкарыстаньнем такой дапамогі — выбачайце".

(Цыганкоў: ) "Давайце паспрабуем ацаніць, што будзе далей. Тацяна, як зьбіраецца Беларускі Гельсынскі камітэт дзейнічаць ва ўмовах гэтага дэкрэту, які, зразумела, будзе ўхвалены і пачне дзейнічаць з красавіка?"

(Процька: ) "Калі яны вырашаць, што гэты дэкрэт зьяўляецца абавязковым для выкананьня, ім прыйдзецца перарабіць усё цяперашняе заканадаўства. У тым ліку й новыя Кодэксы, бо пакараньні, закладзеныя дэкрэтам, супярэчаць усім нормам.

Другое — палаце давядзецца перагледзець парадак рэгістрацыі грамадзкіх аб'яднаньняў, закласьці нормы, якія дазвалялі б нам выконваць гэты дэкрэт. Цяперашні парадак забараняе грамадзкім аб'яднаньням выконваць гэты дэкрэт, бо мы адразу парушаем нормы нашага статуту, абавязковыя для выкананьня".

(Фадзееў: ) "Шосты пункт дэкрэту абавязвае Савет міністраў узяць неабходныя захады дзеля прывядзеньня заканадаўства ў адпаведнасьць з гэтым дэкрэтам. Так што аўтары дэкрэту ўсё разумеюць. Паралельна ў мяне як у былога чыноўніка ўзьнікае пытаньне — колькі яшчэ чыноўнікаў мы засадзім за гэтую справу?"

(Цыганкоў: ) "Ці будуць чыноўнікі, якім дадуць паўнамоцтвы, зацята выконваць дэкрэт — менавіта ў рэпрэсіўным стылі? Ці тут можна чакаць іншых паводзінаў?"

(Фадзееў: ) "Вядома, перад імі паўстануць складанасьці. Але калі пытаньне паставяць так сур'ёзна, што чыноўнікі будуць асабіста адказваць, то я баюся, што будуць празь меру браць. Мы разумеем, што чыноўнік будзе перастрахоўвацца".

(Цыганкоў: ) "Не сакрэт, што Беларускі Гельсынскі камітэт атрымлівае дапамогу з замежных крыніцаў на сваю дзейнасьць. На сёньняшні момант тая дапамога яшчэ не патрачаная, працягваюць працаваць розныя праграмы.

Спадарыня Процька, ці існуе пагроза тым грошам, што ляжаць на вашым рахунку для розных праграмаў?"

(Процька: ) "Па-першае, цягам месяца ніякай пагрозы няма. А далей — паглядзім. На сёньня мы выконваем патрабаваньні, закладзеныя ў дэкрэце. Банк кантралюе мэтавае выкарыстаньне сродкаў, якія мы маем.

Празь месяц, калі гэты дэкрэт пачне дзейнічаць, уладзе прыйдзецца рабіць перарэгістрацыю ўсіх грамадзкіх аб'яднаньняў, усіх — прэзыдэнцкіх і незалежных. Безь перарэгістрацыі немагчымае на сёньняшні дзень увядзеньне гэтага закону ў дзеяньне".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG