Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЗУБАР” ЗАПЫТАЎСЯ СЁНЬНЯ Ў ЛУКАШЭНКІ: “ДЗЕ ГАНЧАР? ДЗЕ ЗАВАДЗКІ? ДЗЕ ЗАХАРАНКА? ДЗЕ КРАСОЎСКІ?”


Валер Каліноўскі, Менск

Акцыя рыхтавалася ў кансьпіратыўных умовах, таму, калі апоўдні пяцёра актывістаў моладзевага руху “Зубар” зьявіліся ля вытворчага аб’яднаньня “Атлянт”, ніводнага міліцыянта там не было. Тоўпіліся толькі каля дзясятка беларускіх і замежных журналістаў з фота- й відэакамэрамі, якіх адмыслова запрасілі арганізатары.

Сябры руху “Зубар” накрэсьлілі на плоце Менскага заводу халадзільнікаў, што на праспэкце Машэрава, некалькі надпісаў: “Дзе Ганчар? Дзе Завадзкі? Дзе Захаранка? Дзе Красоўскі?”

Гэтай дарогай Аляксандар Лукашэнка звычайна езьдзіць у сваю рэзыдэнцыю “Дразды”. Таму відавочна, што пытаньні адрасаваныя менавіта яму.

Усё працягвалася роўна пяць хвілінаў. Зрабіўшы задуманае, хлопцы хутка зьехалі. Аднак перад тым адзін з удзельнікаў акцыі пасьпеў сказаць некалькі словаў Свабодзе:

(Карэспандэнт: ) "Ці прачытае Лукашэнка вашыя надпісы?"

(Удзельнік акцыі: ) "Думаю, прачытае".

(Карэспандэнт: ) "Якая будзе рэакцыя?"

(Удзельнік акцыі: ) "Рэакцыя будзе злосная".

(Карэспандэнт: ) "Ці не баяцеся вы таго, што будзе пасьля?"

(Удзельнік акцыі: ) "Не баюся".

(Карэспандэнт: ) "Ці можаце сказаць, хто вы?"

(Удзельнік акцыі: ) "Зубар. Студэнт".

(Карэспандэнт: ) "Колькі ў вас такіх жа сяброў?"

(Удзельнік акцыі: ) "Сяброў пакуль што няшмат. Думаю, што будзе больш", — паведаміў актывіст руху “Зубар”, які назваўся Віценем.

Сярод журналістаў быў Аляксей Шыдлоўскі, які таксама назваўся сябрам руху “Зубар”. Паводле ягоных словаў, колькасьць актывістаў гэтага незарэгістраванага моладзевага аб’яднаньня перавышае пяцьсот чалавек:

(Шыдлоўскі: ) "Колькасьць штодня расьце. Мы не саступаем іншым моладзевым арганізацыям".

(Карэспандэнт: ) "Чаго вы хацелі гэтай акцыяй дабіцца?"

(Шыдлоўскі: ) "Гэтай дарогай Аляксандар Лукашэнка ды іншыя ўрадавыя чыноўнікі сама мала чатыры разы штодня праяжджаюць. Мы хочам, каб ён зразумеў, што адказвае за тых людзей".

Адрозна ад ранейшых акцыяў “Зубра”, гэтым разам абышлося без затрыманьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG