Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЦІ ПАДТРЫМАЮЦЬ ПРАФСАЮЗНЫЯ ЛІДЭРЫ ПРЭЗЫДЭНЦКІЯ ПЛЯНЫ ЎЛАДЗІМЕРА ГАНЧАРЫКА?


Міхал Стэльмак, Менск

Нарада, на якую зьехалася каля 200 прафсаюзных лідэраў з усіх куткоў Беларусі, прайшла за зачыненымі дзьвярыма. Як патлумачылі, сакрэтнасьць была выкліканая дыкусійным характарам вынесеных на парадак дня пытаньняў.

Канфрантацыя з уладнымі структурамі і намер Уладзімера Ганчарыка балятавацца на прэзыдэнта краіны выклікалі разлад у шэрагах прафсаюзных функцыянэраў.

Меркавалася, што сёньняшняя нарада пакажа расклад сіл у асяродзьдзі прафактыву — колькасьць прыхільнікаў і апанэнтаў Ганчарыка. Ці напраўду так выйшла, спытаўся я ў старшыні Менскага абласнога прафсаюзу працаўнікоў хімічнай, нафтавай і горнай прамысловасьці Кузьмы Кашэўскага:

(Кашэўскі: ) "Нас сёньня менш, гэта так. Ня ведаючы яшчэ, пра што будзе казаць Уладзімер Іванавіч, гэтая агрэсіўная большасьць хацела закрычаць і затупаць ножкамі. Нехта так і сказаў: ня ведаем пра што, але давайце ня будзем пра гэта казаць.

Чатыры старшыні гарадзенскіх прафсаюзных камітэтаў ужо зрабілі заявы, што яны будуць падтрымліваць курс Лукашэнкі".

Іншае меркаваньне старшыні Менскага гарадзкога прафсаюзу культуры Ўладзімера Мамонькі:

(Мамонька: ) "Я не магу сказаць, што Ганчарык няпраўду кажа, калі ён адчувае, што ўжо сёньня людзей робяць закладнікамі. І з-за таго толькі, што нехта адважыўся сказаць, што ён мае жаданьне і мог бы зрабіцца найпершай асобай у дзяржаве. Улады кажуць: калі будзе ён вылучацца на прэзыдэнта, дык прафсаюзы ад гэтага пацерпяць, пачакайце".

Уладзімер Ганчарык, паводле тлумачэньняў удзельнікаў нарады, сам выказаўся супраць шырокага абмеркаваньня сваіх прэзыдэнцкіх плянаў.

Разам з тым Фэдэрацыя не спыняе падрыхтоўкі да выбараў. Распрацоўваецца да гэтай кампаніі сацыяльна-эканамічная плятформа. Ці здольная Фэдэрацыя прафсаюзаў на справе эфэктыўна падтрымаць палітычныя пляны свайго старшыні, нарада адказу не дала.

Як сказаў старшыня Менскага гарадзкога прафсаюзу адукацыі Анатоль Паўлаў:

(Паўлаў: ) "Ідзе крышталізацыя здаровых сілаў у прафсаюзах, як і ў цэлым у грамадзтве”.

XS
SM
MD
LG