Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ВІЦЭ-ПРЭМ'ЕР РАСЕІ ЗАЯВІЎ, ШТО БЕЛАРУСЬ НЕ АТРЫМАЕ СТАБІЛІЗАЦЫЙНЫ КРЭДЫТ


Віктар Дзятліковіч, Масква

Мясцовыя назіральнікі робяць выснову, што Расея ўзмацняе ціск на Беларусь, каб прымусіць яе адмовіцца ад фінансавай самастойнасьці.

Віцэ-прэм'ер Расеі Аляксей Кудрын заявіў, што Беларусь не атрымае расейскі крэдыт, пакуль ня будуць канчаткова узгодненыя ўмовы ягонага выдзяленьня.

Размова ідзе пра крэдыт у памеры 100 мільёнаў даляраў. Першы транш у 30 мільёнау, беларускі ўрад мусіў атрымаць яшчэ напрыканцы мінулага году. Але гэтага не адбылося.

Два дні таму непасрэдны падначалены Аляксея Кудрына – намесьнік міністра фінансаў Расеі Сяргей Ігнацьеў сказаў, што Беларусь выканала ўмовы, на якіх расейскі ўрад згаджаўся даць першыя 30 мільёнаў. Гэта, перш за ўсё адмена шматлікіх валютных курсаў беларускага рубля, а таксама ліквідацыя абмежаваньняў на разьлікі паміж прадпрыемствамі Беларусі й Расеі.

Але не прайшло і двух дзён, як Аляксей Кудрын – другі чалавек у расейскім урадзе – пачаў казаць пра нейкія новыя ўмовы, якія яшчэ трэба ўзгадняць. Маскоўскія назіральнікі зьвязваюць такую хуткую зьмену пазыцыяў расейскага ўраду са спрэчкамі вакол адзінае валюты.

Як вядома, беларускі і расейскі бакі ня могуць дамовіцца, хто ў новым валютным саюзе будзе валодаць манапольным правам друкаваць грошы. Аляксандар Лукашэнка ды іншыя беларускія чыноўнікі апошнім часам зрабілі жорсткія заявы пра нежаданьне згаджацца на ўмовы, якія высоўвае Расея, а менавіта каб правам эмісіі валодаў толькі Цэнтрабанк Расеі.

Заяву Кудрына можна разглядаць як рэакцыю на гэтыя выказваньні беларускага боку. Аляксандру Лукашэнку даюць зразумець – альбо ён згаджаецца на ўмовы Расеі ў пытаньні эмісійнага цэнтру, альбо не атрымлівае крэдыт. І ня толькі крэдыт, але й эканамічную дапамогу ў іншых формах.

Мала хто ведае, што ў межах падтрымкі беларускай валюты, Цэнтральны банк Расеі мусіць пералічыць у стабілізацыйны валютны фонд Нацбанку Беларусі амаль 150 мільёнаў даляраў. Цяпер, гавораць мясцовыя назіральнікі, відавочна, што пералічэньне і гэтых грошай будзе залежаць ад таго, наколькі беларускі ўрад будзе згаворлівы ў пытаньні эмісійнага цэнтру.


XS
SM
MD
LG