Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЧОРАШНІ ДЭКРЭТ ЛУКАШЭНКІ МАЕ ВЫКЛЮЧНА ПЕРАДВЫБАРЧЫ ПАДТЭКСТ


Ігар Карней, Менск

Дэкрэт закране найперш недзяржаўныя структуры, якія маюць сталыя кантакты з аналягічнымі замежнымі арганізацыямі ды існуюць з удзелу ў міжнародных навуковых ці асьветніцкіх праграмах.

Дзеяньне дэкрэту не распаўсюджваецца на любую дапамогу, што аказваецца ў межах праектаў, ухваленых асабіста Лукашэнкам альбо ягоным урадам.

Прэзыдэнт дабрачыннага фонду “Дзецям Чарнобыля” Генадзь Грушавы, які мае стасункі амаль з усімі дабрачыннымі эўрапейскімі арганізацыямі чарнобыльскага кірунку, лічыць, што мэта дэкрэту — скіраваць усе сродкі, незалежна ад першапачатковага прызначэньня, на прапагандысцкія патрэбы перадвыбарчага штабу Лукашэнкі.

Аналягічнага меркаваньня прытрымліваецца й намесьнік кіраўніка Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Аляксандар Сасноў.

(Сасноў: ) "Адразу бачна, што рыхтаваў гэты дакумэнт нейкі дзікун, які хоча ўсё паставіць пад свой кантроль".

(Карэспандэнт: ) "Ёсьць меркаваньне, што гэта Кучынскага справа..."

(Сасноў: ) "Так. Вялізныя паўнамоцтвы прадугледжвае дэкрэт для дэпартамэнту па гуманітарнай дзейнасьці — ён жа можа бяспраўе рабіць, і нічога яму не дакажаш, нічога не запатрабуеш.

Што да нас, дык ёсьць пункт 4, які дазваляе гэтыя сродкі накіроўваць на навуковыя дасьледаваньні. Але ўсё адно трэба зьвяртацца да Кучынскага, каб сродкі зарэгістравалі ды каб далі пасьведчаньне пра тое, што "дазваляецца выкарыстоўваць".

(Карэспандэнт: ) "Здаецца, што пік гуманітарнай дапамогі быў у сярэдзіне 1990-х ці мо нават на пачатку 1990-х. Чаму такі дэкрэт выйшаў толькі зараз?"

(Сасноў: ) "Трэба помніць, што рыхтуюцца прэзыдэнцкія выбары, ды ня проста выбары, а абраньне ўсім вядомага чалавека. Таму й дэкрэт такі выйшаў. Каб прадухіліць любую магчымасьць перамогі іншых".

Падобна на тое, што пацерпяць ад дэкрэту й некаторыя рэлігійныя аб’яднаньні, у прыватнасьці, пратэстанцкага кірунку, што маюць кантакты з амэрыканскімі цэнтрамі. Пастар царквы Ісуса Хрыста Веніямін Брух мяркуе, што, калі не дапаможа фінансавы ўціск, у справу пойдуць іншыя сродкі.

(Брух: ) “Менавіта да нас няма мэтанакіраваных грашовых патокаў. Ідуць агульныя ахвяраваньні. Калі пачнуць кідаць вока на іх — гэта будзе горш. На жаль, у сёньняшняй сытуацыі можна чакаць усяго. Але я ведаю, што хутка павінны надрукаваць закон аб свабодзе веравызнаньняў і тым самым абмяжуюць рэлігійныя правы — тады будзе сумна. Так што, можа й лепей, што ў такой сытуацыі ў нашай царквы няма глябальных патокаў з Захаду, хоць гэта было б цікава й карысна”.

Зьвяртае ўвагу й тое, што парушэньне шматлікіх артыкулаў Лукашэнкавага дэкрэту прадугледжвае суровыя пакараньні як для грантадаўцаў, так і для тых, хто выкарыстае дапамогу ў абыход кантрольных органаў.

Нават адзіны прэцэдэнт цягне ліквідацыю грамадзкага аб’яднаньня, фонду альбо іншай арганізацыі зь беларускага боку і дэпартацыю замежных грамадзянаў, якія прадстаўляюць інтарэсы дабрачыннай структуры.

XS
SM
MD
LG