Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПАЗЫЦЫЙНЫЯ КАНДЫДАТЫ НА ПРЭЗЫДЭНТА АБ'ЯДНОЎВАЮЦЦА


Валер Каліноўскі, Менск

Іншы патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта Сямён Домаш гэтую заяву не падпісаў.

У заяве, апублікаванай у "Народнай волі", патэнцыйныя прэтэндэнты на ролю адзінага кандыдата ад апазыцыйных Аляксандру Лукашэнку сілаў спадарства Ганчарык, Казлоўскі й Чыгір выказваюць думку, што выбары даюць "надзею й шанец на станаўленьне Рэспублікі Беларусь як дэмакратычнай прававой дзяржавы".

Гэтая заява — адказ на спробы ўціску патэнцыйных супернікаў Лукашэнкі. Гаворыць Павал Казлоўскі:

(Казлоўскі: ) "Сёньня на тых, хто заявіў пра сваю самастойную пазыцыю ў той задачы, што будзе вырашацца сёлета, пачалі ціснуць з усіх бакоў. Праз выклікі ў пракуратуру, праз падслухоўваньне перамоваў, пагрозы нашым сем'ям".

Супольная заява вядомых палітыкаў сьведчыць, што яны зьбіраюцца каардынаваць свае кампаніі падчас выбараў. Гэта пацьвердзіў нашаму радыё Міхаіл Чыгір:

(Чыгір: ) "Паміж Ганчарыкам, Чыгіром ды Казлоўскім ёсьць дамоўленасьць, што мы самі, без дапамогі, у патрэбны момант вылучым з нашай тройкі кандыдата. Так мы дамовіліся раней. Акрамя гэтай падпісанай заявы мы заўжды абмяркоўваем сытуацыю".

Міхаіл Чыгір таксама паведаміў, што на апошняй іхнай сустрэчы быў і Сямён Домаш, але ён палічыў нямэтазгодным падпісваць гэтую заяву.

Акрамя заявы, патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта маюць нямала й вусных дамоваў. Тое ж, што Сямён Домаш гэтую заяву не падпісаў, на думку Міхаіла Чыгіра, не азначае, што паміж ім ды іншымі існуюць нейкія істотныя разыходжаньні:

(Чыгір: ) "Мы сустракаліся ўчатырох і дамовіліся, што будзем спрабаваць выпрацаваць адзіную плятформу для чатырох. Такая дамова ёсьць, і мы цяпер над гэтым працуем. Аніякіх непаразуменьняў няма. Праблема нумар адзін — зьмена палітычнага ды эканамічнага курсу краіны, а хто зможа гэта хутчэй зрабіць —гэта ўжо другое пытаньне".

Гэта пацьвердзіў і сам Сямён Домаш. Няма расколу паміж чатырма палітыкамі, якія вырашылі ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, лічыць Сямён Домаш. Што да заявы, дык ён проста палічыў яе недасканалай:

(Домаш: ) "Я ня бачу ніякага сэнсу ў гэтай заяве на сёньняшні дзень. Ня ведаю, які ўрэшце выйшаў варыянт, але той, што першапачаткова быў, які яны мне прапаноўвалі, ён мяне не задавальняў".

Тым ня менш, Уладзімер Ганчарык, Павал Казлоўскі ды Міхаіл Чыгір лічаць, што сэнс такая супольная заява мае. Я спытаўся, на якую рэакцыю разьлічваюць палітыкі. Адказвае Міхаіл Чыгір:

(Чыгір: ) "Мы думаем, што заява будзе ўплываць і на праваахоўчыя органы. Яны забыліся на закон, на Канстытуцыю, вы ж ведаеце, што адбываецца".

Міхаіл Чыгір ды Павал Казлоўскі зазначаюць, што іхныя падыходы да правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў грунтуюцца на вядомых чатырох патрабаваньнях апазыцыі, прызнаных міжнароднай супольнасьцю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG