Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАНЦЭРН “БЕЛЭНЭРГА” НЕ ДАЕ ЛІЦЭНЗІІ НА ПРАЦУ НЯМЕЦКАГА ВЕТРАКА Ў ЗАНАРАЧЫ


Ганна Соусь, Менск

Але дагэтуль вятрак працуе бясплатна, таму што канцэрн “Белэнэрга” не дае ліцэнзіі на вытворчасьць электраэнэргіі.

Праект ўсталяваньня ветрака ў вёсцы Занарач належыць нямецка-беларускай дабрачыннай арганізацыі “Дамы замест Чарнобыля”. Каштаваў ён каля паўмільёна нямецкіх марак. Гэта былі цалкам прыватныя ахвяраваньні зь нямецкага боку.

Плянавалася, што грошы ад выкарыстаньня ветрака пойдуць на будову жыльля ў вёсцы для чарнобыльскіх перасяленцаў. Вятрак выпрацаваў ужо 150 кіляват-гадзінаў электраэнэргіі для Маладэчанскіх электрасетак, але за гэта пакуль ніхто не заплаціў.

Сытуацыю тлумачыць кіраўнік Беларускага аддзяленьня Міжнароднай экалягічнай акадэміі Яўген Шырокаў:

(Шырокаў: ) “Канцэрн “Белэнэрга” не дае ліцэнзіі няўрадавай дабрачыннай арганізацыі “Экадом”, спасылаючыся на ліст Мінюста, у якім пазначана, што дабрачынная арганізацыя ня можа мець ліцэнзіі на вытворчасьць электраэнэргіі.

Але ж усе сродкі, што можна было б зарабіць на ветраку, павінны накіроўвацца на будаўніцтва жыльля для чарнобыльскіх перасяленцаў, якое ім перадаецца бясплатна”.

Паводле Юр'я Шырокава, сытуацыя выглядае парадаксальна.

(Шырокаў: ) “Нямецкі бок, безумоўна, ня будзе бязвыплатна спансараваць аніякую камэрцыйную структуру, як гэта прапануе канцэрн “Белэнэрга”… У сьвеце разумеюць, што нафты ды газу засталося на 50-60 гадоў, гэта на жыцьцё аднаго пакаленьня. Таму ва многіх краінах плянуюць перайсьці за гэты тэрмін на альтэрнатыўную энэргетыку.

І таму асноўная каштоўнасьць праекту ў Занарачы — набыць вельмі карысны досьвед дзеля выкарыстаньня альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі”.

Дарэчы, у адпаведнасьці з праграмай фэдэральнага ўраду Нямеччыны “Эльдарада”, беларускі бок мог бы набыць гэтыя ветракі за 30% ад іхнага кошту (а звычайная цана ветрака — каля 900 000 нямецкіх марак).

Паводле экспэртаў, ветракі пачынаюць акупляцца праз 4-5 гадоў. Але, як адзначыў Яўген Шырокаў, беларускія ўлады пакуль зь недаверам ставяцца да ветраэнэргетычных апаратаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG